Катэдра Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Джакарце Катэдра Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Джакарце 

Інданезія: Тунэль братэрства да візіту Папы Францішка

У Джакарце, сталіцы Інданезіі, завершана будаўніцтва Тунэля братэрства, які злучае каталіцкую катэдру Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і мячэць Істыклаль.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Гэта 44-метровая канструкцыя, якая чакае афіцыйнага адкрыцця восенню, стала сімвалам міжрэлігійнага дыялогу і сяброўства ў найбуйнейшай мусульманскай краіне свету.

Ідэя стварэння тунэля належыць прэзідэнту Інданезіі Джока Відода. Першапачаткова звычайны падземны пераход быў ператвораны ў "шлях сяброўства", упрыгожаны мастацкімі творамі. Сцены ўпрыгожаны барэльефамі скульптара Адзіцьі Навалі – на іх дзве рукі, што дакранаюцца адна да адной, сімвалізуючы еднасць і пакору.

Каталіцкая катэдра, пабудаваная ў неагатычным стылі ў XIX стагоддзі, і мячэць Істыклаль, найбуйнейшая ў Паўднёва-Усходняй Азіі, знаходзяцца побач на плошчы Незалежнасці. Іх размяшчэнне сімвалізуе рэлігійную гармонію і талерантнасць, якія з'яўляюцца асновай інданезійскага грамадства, заснаванага на філасофіі Панчасіла.

З 3 па 6 верасня 2024 года тут чакаецца візіт Францішка. Папа наведае абодва храмы. У катэдры ўсталяваны электронны лічыльнік, які адлічвае дні да прыезду Пантыфіка. Гэта падзея выклікала вялікае ўзрушэнне сярод вернікаў абедзвюх рэлігій. Імам мячэці Істыклаль Насарудзін Умар выказаў радасць з нагоды будучага папскага візіту, падкрэсліўшы агульную місію распаўсюджвання чалавечнасці і духоўнасці.

Падземны калідор, які мясцовыя жыхары называюць Тунэлем сілатурахмі (silaturahmi), што на інданезійскай мове азначае падтрымліванне добрых адносін, стане месцам сустрэч і абмену візітамі паміж вернікамі дзвюх рэлігій, умацоўваючы традыцыі міжрэлігійнага дыялогу ў Інданезіі.

29 ліпеня 2024, 08:33