Пошук

Скаўты падчас аўдыенцыі ў Папы Францішка. Ілюстрацыйнае фота Скаўты падчас аўдыенцыі ў Папы Францішка. Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Іспанія: Сусветная сустрэча каталіцкіх скаўтаў

Больш за 5 тысяч маладых людзей з усяго свету сустрэліся ў іспанскай Каваледзе, што ў правінцыі Сорыя, на Сусветнай сустрэчы каталіцкіх скаўтаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Праграма сустрэчы, якая завяршылася 21 ліпеня 2024 года, уключала штодзённую Імшу і малітву. “Сустрэча з Езусам і малітва вельмі важныя для нас, каб набрацца сіл для далейшай працы”, - падкрэсліў Пабла Мена, адзін з каардынатараў форуму, арганізаванага Каталіцкім скаўцкім рухам (Scouts MSC).

У Каваледу прыехалі скаўты з усіх рэгіёнаў Іспаніі, а таксама Францыі, Італіі, Катара, Румыніі, Ганконга і іншых краін. Самаму малодшаму было 6 гадоў, старэйшаму – 21. За ходам сустрэчы сачылі больш за 200 валанцёраў. Насычаная праграма ўключала ў сябе разнастайныя гульні, знаёмства з прыродай і страявыя заняткі. Скаўты ва ўзросце 18-21 гадоў на працягу трох дзён працавалі валанцёрамі ў бліжэйшых гарадах і парафіях.

“Гаворка ідзе пра фарміраванне людзей свабодных, з крытычным мысленнем, адданых веры і часу, у якім яны жывуць, людзей адкрытых на іншых, здольных любіць і жыць у супольнасці”, - падкрэслілі арганізатары.

Першая сустрэча ў Сорыі адбылася ў 2017 годзе. “Гэта хвалююча бачыць маладых людзей, якія зноў сустрэліся пасля столькіх гадоў”, - прызнаўся Пабла Мена.
 

22 ліпеня 2024, 10:04