Пошук

Каля мяжы Ізраіля і Газы Каля мяжы Ізраіля і Газы 

Ізраіль адрэагаваў на заяву каталіцкіх біскупаў у Святой Зямлі

Ізраіль выступіў з рэзкай крытыкай заявы Каталіцкіх Біскупаў Святой Зямлі адносна вайны ў Газе.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Той факт, што група прадстаўнікоў Каталіцкага Касцёла публікуе дакумент, “які выкарыстоўвае рэлігійныя падставы і лінгвістычныя хітрыкі” для нападу на права Ізраіля абараняцца ад ворагаў, якія адкрыта заяўляюць аб намеры пакласці канец яго існаванню, выклікае шкадаванне, - заявіла пасольства Ізраіля пры Святым Пасадзе.

Раней Камісія біскупаў Святой Зямлі па справах справядлівасці і міру асудзіла, сярод іншага, выкарыстанне тэрміна справядлівая вайна для апраўдання бесперапыннага смяротнага насілля паміж Ізраілем і радыкальнай ісламскай групоўкай ХАМАС.

“Як католікі Святой Зямлі, якія падзяляюць падыход Папы Францішка аб мірным свеце, мы абураныя тым, што палітычныя дзеячы ў Ізраілі і за мяжой выкарыстоўваюць тэорыю справядлівай вайны для ўвекавечання і легітымізацыі канфлікту ў Газе”, - гаворыцца ў тэксце, апублікаваным на сайце Камісіі.

Пасольства Ізраіля пры Святым Пасадзе заявіла 2 ліпеня 2024 года, што выкарыстанне ў тэксце тэрміна справядлівая вайна не адпавядае міжнароднаму праву. Больш за тое, выкарыстанне ў дакуменце тэрміна вайна ў Газе ў дачыненні да падзей, якія адбываюцца з 7 кастрычніка 2023 года, ігнаруе адначасовыя атакі на Ізраіль з боку Лівана, Сірыі, Емена і Ірана. Фактычна гэта трэба было б назваць “вайной супраць права Ізраіля на існаванне”.

Насуперак таму, што сцвярджае Камісія біскупаў Святой Зямлі, відавочная мэта Ізраіля з самага пачатку заключалася ў тым, каб пакласці канец кіраванню ХАМАС у сектары Газа і “забяспечыць, каб зверствы, падобныя тым, што мелі месца 7 кастрычніка, не паўтарыліся”. “Ілжывая сіметрыя, якая адлюстроўвае прадузятасць і аднабаковасць”, таксама ствараецца сцвярджэннем, што абодва ваюючыя бакі ігнаруюць прынцып адрознення паміж грамадзянскімі асобамі і ўдзельнікамі баявых дзеянняў. Фактычна Ізраіль робіць усё, што ад яго залежыць, каб забяспечыць гэтае адрозненне, у той час як ХАМАС наўмысна прыцягвае грамадзянскіх асоб і баевікоў у якасці цэнтральных элементаў сваёй баявой стратэгіі, - сцвярджае пасольства Ізраіля пры Святым Пасадзе.

У сваёй заяве каталіцкія біскупы заклікалі да пошуку мірнага вырашэння канфлікту. “Хоць мы і невялікая супольнасць у Святой Зямлі, як католікі, мы з’яўляемся неад’емнай часткай ідэнтычнасці краіны. (...) Мы хочам даць зразумець, што мы і наша тэалагічная традыцыя не могуць быць выкарыстаны для апраўдання насілля”, - гаворыцца ў дакуменце.
 

04 ліпеня 2024, 10:41