Кардынал Дзупі: католікі Італіі хочуць быць майстрамі дэмакратыі
Ян Глінскі
Падчас адкрыцця кангрэса старшыня мясцовага епіскапата кардынал Матэа Дзупі падкрэсліў, што італьянскія католікі хочуць быць майстрамі дэмакратыі і мець рэальны ўплыў на будучыню сваёй радзімы. Пра гэта, як дадаў іерарх, сведчыць юбілейная сустрэча ў Трыесце, якая дэманструе актыўную пазіцыю свецкіх католікаў у будаванні агульнага дабра і сацыяльнай справядлівасці. Такім чынам Дзупі спаслаўся на першы Сацыяльны тыдзень, які адбыўся ў тасканскай Пістоі ў 1907 годзе па ініцыятыве благаслаўлёнага Джузэпэ Таніёла.
Па словах іерарха, сёння вялікае значэнне мае вяртанне да салідарнасці і ўмацаванне пачуцця братэрства. Ён нагадаў, што сучасная Італія вымушана адказваць на шматлікія выклікі, сярод якіх дэмаграфічная зіма, павелічэнне няроўнасці, адсутнасць пашаны да чалавечага жыцця і адзінота, якая закранае многіх людзей. Старшыня епіскапату звярнуў таксама ўвагу на павелічэнне колькасці новых бедных у італьянскім грамадстве, а таксама на неабходнасць прадпрыняцця канкрэтных дзеянняў у сувязі з міграцыяй. Сёння, як дадаў іерарх, патрэбна гуманізацыя сацыяльных і эканамічных адносін, а таксама змяненне мыслення ад шматлікіх я да аднаго мы.
“Трыест з’яўляецца памежнай зямлёй, пазначанай міжкультурным, экуменічным і міжрэлігійным дыялогам. У сваёй мудрасці ён паказвае, што нам не патрэбны сёння муры ці тым больш акопы, але масты і месцы сустрэч”, – падкрэсліў кардынал Дзупі, нагадваючы, што спадчына веры можа быць зыходным пунктам для будавання больш гуманнага, справядлівага і братэрскага свету.
У кангрэсе прымаюць удзел прадстаўнікі італьянскіх дыяцэзій, рухаў, касцёльных асацыяцый і мясцовых грамадскіх арганізацый. Акрамя штодзённых дэбатаў, ладзяцца сустрэчы пад назвай “Плошчы дэмакратыі”, вечарамі адбываюцца культурныя мерапрыемствы. У нядзелю ў Трыест прыбудзе Папа Францішак і падчас свайго чатырохгадзіннага візіту сустрэнецца, між іншым, з удзельнікамі сустрэчы, рэлігійнымі дзеячамі і з групай мігрантаў. Візіт завершыцца Эўхарыстыяй, цэлебрацыю якой узначаліць Святы Айцец, і малітвай Анёл Панскі.