Пошук

У капліцы львоўскай курыі падчас малітвы Анёл Панскі за мір на Украіне. У капліцы львоўскай курыі падчас малітвы Анёл Панскі за мір на Украіне. 

Кардынал Паралін сустрэнецца з Уладзімірам Зяленскім

19 ліпеня 2024 года пачаўся пяцідзённы візіт Дзяржсакратара Яго Святасці ва Украіну. Плануецца яго сустрэча з прэзідэнтам Зяленскім.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Пасля прыбыцця ў Львоў кардынал П’етра Паралін разам з апостальскім нунцыем, арцыбіскупам Вісвальдасам Кульбокасам наведаў рэзідэнцыю Мітрапаліта Львоўскага, дзе сустрэўся з лацінскім і грэка-каталіцкім біскупамі рэгіёна, прадстаўнікамі мясцовага духавенства і мясцовых улад. Прысутнічалі, між іншым: мэр Львова Андрэй Садавы і старшыня абласной вайсковай адміністрацыі Максім Каздрыцкі. У капліцы курыі адбылася малітва Анёл Панскі за мір на Украіне.

У інтэрв’ю Vatican News кардынал Паралін падкрэсліў, што прыбывае ва Украіну перш за ўсё як папскі легат для ўдзелу ва ўрачыстасцях у марыйным санктуарыі ў Бердычаве – мясцовы касцёл будзе абвешчаны малой базілікай. “Разам з вернікамі мы будзем маліцца, перш за ўсё, аб міры; гэта будзе супольная малітва, узнесеная да Маці Божай, каб выпрасіла нарэшце супакой гэтай краіне, якую Святы Айцец заўсёды апісвае як “пакутніцкую”, як “закатаваную” Украіну”, - сказаў Дзяржсакратар.

Іерарх адзначыў, што гэты візіт таксама з'яўляецца магчымасцю для размоў з уладамі краіны. Ён паведаміў, што сустрэнецца, у прыватнасці, з прэзідэнтам Украіны. "Мы будзем размаўляць, перш за ўсё, пра мір, пра магчымыя перспектывы міру", - прызнаўся кардынал Паралін у пачатку свайго візіту.

Кіраўнік дыпламатыі Святога Пасада дадаў, што яго прысутнасць з’яўляецца яшчэ адным выразам асаблівай увагі, якую Святы Айцец працягвае надаваць Украіне. “З самага пачатку Папа спрабаваў знайсці шляхі да спынення вайны, да таго, што нядаўна было названа справядлівым мірам. Мы таксама гаварылі пра гэта ў Швейцарыі, калі праходзіла мірная канферэнцыя. Такім чынам, гаворка ідзе пра блізкасць, малітву і надзею на тое, што будуць знойдзены шляхі для хутчэйшага завяршэння гэтага канфлікту”, - падкрэсліў кардынал Паралін.

З Львова бліжэйшы супрацоўнік Пантыфіка адправіўся непасрэдна ў Кіеў. 20 ліпеня 2024 года чакаецца яго візіт у Адэсу.
 

20 ліпеня 2024, 09:50