Пошук

Большасць жыхароў вострава Флорэс вызнаюць каталіцтва (Ілюстрацыйнае фота) Большасць жыхароў вострава Флорэс вызнаюць каталіцтва (Ілюстрацыйнае фота) 

Мусульманская Інданезія развівае каталіцкі турызм

Улады Інданезіі пастанавілі выкарыстаць патэнцыял каталіцкага рэлігійнага турызму для развіцця мясцовай эканомікі і ўжо ўключылі першыя каталіцкія мерапрыемствы ў турыстычны каляндар краіны.

Ян Глінскі

У часопісе The Jakarta Post апублікавана справаздача, у якой указваецца на значэнне хрысціянства для развіцця эканомікі на востраве Флорэс.

Як адзначыў міністр турызму Інданезіі, хоць гэта самая вялікая мусульманская краіна ў свеце, аднак адносіны з хрысціянскай меншасцю і вызнаўцамі іншых рэлігій тут вельмі добрыя. Сандзіяга Уна нагадаў таксама, што інданезійцы многім абавязаны Касцёлу: католікі рэалізуюць у гэтай краіне шматлікія праекты ў сферы адукацыі, медыцыны і дабрачыннасці.

З мэтай развіцця эканомікі міністэрства турызму Інданезіі прыняло рашэнне ўключыць у каляндар нацыянальных турыстычна-культурных мерапрыемстваў таксама каталіцкія фестывалі і іншыя важныя падзеі ў Касцёле, як напрыклад, фестываль хрысціянскай культуры і мясцовых традыцый у Лабуан-Баджо або святкаванне Вялікага тыдня ў горадзе Лурантука, куды ў 2023 годзе прыбыла больш за 23 тысячы пілігрымаў, і не толькі з Інданезіі.

Біскуп Сіпрыянус Хормат, які нясе служэнне ў дыяцэзіі Рутэнг на востраве Флорэс, заўважыў, што турызм павінен быць закаранёны ў мясцовай культуры і духоўнасці: “Турызм з’яўляецца формай пілігрымкі, крочаннем па слядах Бога ў радаснай сустрэчы чалавецтва і сусвету”.

Першыя каталіцкія мерапрыемствы, уключаныя ў турыстычны каляндар Інданезіі, датычаць менавіта вострава Флорэс, дзе пражывае 1,8 мільёна жыхароў, і амаль усе яны вызнаюць каталіцтва. Усяго хрысціяне складаюць каля дзесяці працэнтаў з 275 мільёнаў жыхароў Інданезіі.

Як паведамлецца ў інданезійскіх СМІ, дадзенае рашэнне Міністэрства турызму можа стаць чарговым крокам да лепшага сацыяльнага прыняцця хрысціян у гэтай краіне. Нагадаем, на Вялікдзень 2024 года мясцовыя мас-медыя паведамілі аб афіцыйным выкарыстанні ў Інданезіі імені Езус Хрыстус для абазначэння цэнтральнай постаці хрысціянства. Раней выкарыстоўваўся запазычаны з мусульманскай традыцыі тэрмін Іса аль-Масіх (Месія). Пра гэтую змену абвясціў прэзідэнт Джока Відода яшчэ ў канцы 2023 года.

У верасні сталіцу Інданезіі наведае Папа Францішак. У 1970 годзе туды пілігрымаваў Папа Павел VI, а ў 1989 годзе гэты архіпелаг наведаў святы Ян Павел ІІ.

15 ліпеня 2024, 11:37