Пошук

Кардынал Паралін ля рыма-каталіцкага касцёла святога Мікалая ў Кіеве Кардынал Паралін ля рыма-каталіцкага касцёла святога Мікалая ў Кіеве 

Паралін: трэба ўтрымаць фокус міжнароднай супольнасці на Украіне

Кардынал П’етра Паралін завяршыў свой візіт ва Украіну і ў інтэрв’ю для Vatican News даў эмацыянальную ацэнку таго, што ўбачыў і пачуў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падарожжа кіраўніка дыпламатыі Святога Пасада пралягала праз Львоў, Адэсу, Кіеў і іншыя месцы Украіны, якая вось ужо два з паловай гады пакутуе ад жахаў вайны. Свае ўражанні і досвед ён перадасць Папу Францішку, які адправіў яго ў краіну ў якасці свайго легата.

Асабліва ўзрушылі іерарха сустрэчы з украінскімі маці, якія страцілі сваіх дзяцей падчас вайны. “Калі думаеш, што маці, яшчэ маладая, страціла свайго 25-гадовага сына, не ведаеш, што сказаць. Пачуццё, якое ўзнікла, было шчымлівым, сапраўды шчымлівым, я не ведаю, як гэта апісаць”, - стрымліваючы эмоцыі, сказаў ён.

Паралін таксама звярнуў увагу на трагедыю сем’яў "столькіх загінулых, чые целы нават не былі знойдзеныя", хоць "чалавечы абавязак" і "хрысціянскае пачуццё, патрабуе ад нас годна хаваць памерлых". Ён таксама адзначыў становішча "вельмі многіх параненых, скалечаных, інвалідаў".

Вайна пакінула глыбокія раны не толькі на асобных жыццях, але і на грамадстве ў цэлым. Разбуральныя сляды канфлікту будуць мець уплыў на працягу доўгага часу, як на фізічным, так і на эмацыйным узроўнях.

Адна з мэт візіту кардынала Параліна – утрымаць фокус міжнароднай супольнасці на Украіне. “Галоўны пасыл гэтых дзён – прыцягнуць увагу да вайны, каб яна не стала чарговым забытым канфліктам”, - падкрэсліў ён. Нягледзячы на тое, што ўсё гэта адбываецца ў “сэрцы Еўропы” і таму прыцягвае да сябе больш увагі, чым у іншых такога роду выпадках, іерарх папярэдзіў аб небяспецы звядзення вайны ва Украіне да простых навін.

На дыпламатычным узроўні дзяржсакратар заклікаў да больш крэатыўнага пошуку шляхоў дасягнення міру. “Мы даволі далёкія ад рашэння шляхам перамоў”, - прызнаў ён. Аднак дыпламат спадзяецца, што з дапамогай інавацыйных падыходаў можна знайсці формулы, якія дапамогуць адкрыць шлях да міру.

Паралін падтрымлівае мірную платформу прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, хоць і ўсведамляе слабыя бакі гэтага плана, асабліва тое, што Расія не ўдзельнічае ў працэсе. “Вядома, мір паміж двума праціўнікамі павінен быць заключаны, - падкрэсліў ён, - але я думаю, што мы яшчэ далёкія ад гэтага”. Тым не менш дзяржсакратар спадзяецца, што будуць знойдзены іншыя формулы, якія дадуць прамень надзеі.

Акрамя дыпламатычных намаганняў, для Украіны важнай застаецца гуманітарная дапамога. Баявыя дзеянні прывялі да драматычнага гуманітарнага крызісу, які закрануў мільёны людзей. Кардынал Паралін паўтарыў заклік да міжнароднай супольнасці, працягваць аказваць падтрымку, каб аблегчыць пакуты мірнага насельніцтва.

Візіт блізкага супрацоўніка Пантыфіка характарызаваўся глыбокімі асабістымі кантактамі і абмеркаваннем тэрміновасці пошуку рашэнняў зацяжнога канфлікту. Ён прывёз з сабой яснае пасланне: “Свет не можа забыць пра Украіну, і для прасоўвання міру неабходны крэатыўны дыпламатычны падыход. У той жа час трэба актывізаваць гуманітарную дапамогу, каб аблегчыць пакуты тых, хто пацярпеў ад канфлікту. Толькі агульнымі намаганнямі можна пракласці шлях да трывалага міру”.
 

24 ліпеня 2024, 09:34