Святая Зямля: цяжкае становішча паломніцкіх цэнтраў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Нават калі некаторыя пілігрымы вяртаюцца ў Іерусалім або на Галілейскае мора, каб атрымаць асалоду ад святых месцаў, на рэдкасць свабодных ад турыстаў і пілігрымаў, становішча касцёльных паломніцкіх цэнтраў застаецца складаным.
Айцец Маціяс з кляштару Успення Багародзіцы на гары Сіён у Іерусаліме прызнаўся, што асобныя паломнікі ўсё ж да іх дабіраюцца. “Святыя месцы амаль бязлюдныя. Няма тыповых чэргаў, няма доўгага чакання для ўваходу ў Грот Нараджэння Хрыстова, Гроб Пана або на гару ў Храме Народаў у Гефсіманскім садзе. Паўсюль у касцёлах ціха і амаль бязлюдна. Тыя нешматлікія, хто там бывае, атрымліваюць асалоду ад, калі можна так выказацца, спакойнай атмасферы. Таму што сапраўды можна маліцца без перапынку, без перашкод”, - падзяліўся бенедыктынец.
На поўначы, на Галілейскім моры, у Табхе, адкуль усяго 30 кіламетраў да мяжы з Ліванам, сітуацыя крыху іншая, чым у Іерусаліме. “З боку Лівана пастаянна ідуць ракетныя абстрэлы. Час ад часу мы бачым або чуем, як над намі збіваюць або запускаюць ракеты. І зусім незразумела, як будзе развівацца сітуацыя", - сказаў Георг Ровекамп. Ён кіруе паломніцкім домам Табха Нямецкай асацыяцыі Святой Зямлі на Галілейскім моры.
Сюды прыязджаюць пілігрымы, каб наведаць храм Памнажэння Хлябоў. Сёння іх няшмат, але яны вельмі важныя. "Прысутнасць пілігрымаў азначае, што мы гарантуем працу нашым работнікам. Для ўсіх іх, уключаючы самых пажылых, перыяд, калі яны маглі атрымліваць дапамогу па беспрацоўі, ужо прайшоў. Таму ў іх ёсць магчымасць зарабіць толькі тады, калі яны змогуць працаваць у нас", - распавёў Ровекамп.
Большасць пілігрымак у Святую Зямлю да канца года ўжо адменены. Мясцовыя каталіцкія паломніцкія цэнтры спадзяюцца, што нармальная праца наладзіцца ў наступным годзе.