Пошук

Дональд Трамп пасля страляніны на перадвыбарным мітынгу Дональд Трамп пасля страляніны на перадвыбарным мітынгу  (ANSA)

Святы Пасад выказаў занепакоенасць у сувязі з замахам на Трампа

Эпізод насілля, у выніку якога пацярпеў былы прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, “раніць людзей і дэмакратыю”, - гаворыцца ў заяве Залы Друку Святога Пасада.

Марыя Валодзіна - Vatican News

"Святы Пасад выказвае занепакоенасць у сувязі з учорашнім эпізодам насілля, які раніць людзей і дэмакратыю, выклікаючы пакуты і смерць. Святы Пасад далучаецца да малітвы біскупаў ЗША за Амерыку, за ахвяр і за мір у краіне, каб ніколі не пераважалі матывы тых, хто звяртаецца да гвалту”, - гаворыцца ў заяве, апублікаванай 14 ліпеня 2024 года Залай Друку Апостальскай Сталіцы.

Замах на Трампа, які меў месца на палітычным мітынгу ў штаце Пенсільванія, асудзіў таксама і амерыканскі епіскапат. У заяве арцыбіскупа Цімаці Броліа, старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў ЗША, гаворыцца: "Разам з братамі-біскупамі мы асуджаем палітычны гвалт і ўзносім нашы малітвы за Прэзідэнта Трампа і тых, хто быў забіты ці паранены. Мы таксама молімся за нашу краіну і за спыненне палітычнага насілля, якое ніколі не з'яўляецца рашэннем палітычных рознагалоссяў". Арцыбіскуп Броліа заклікаў "усіх людзей добрай волі далучыцца ў малітве за мір у нашай краіне" і звярнуўся па дапамогу да Божай Маці, апякункі Амерыкі.

Дональд Трамп быў паранены ў вуха ў выніку страляніны, якая адбылася 13 ліпеня 2024 года на перадвыбарным мітынгу ў горадзе Батлер, штат Пенсільванія. Стралок быў застрэлены агентамі службы бяспекі. Адзін з удзельнікаў мітынгу загінуў.

15 ліпеня 2024, 09:27