Пошук

Cтаршыня Міжнароднага алімпійскага камітэта Томас Бах ля касцёла Ля Мадлен Cтаршыня Міжнароднага алімпійскага камітэта Томас Бах ля касцёла Ля Мадлен  (ANSA)

У Парыжы адкрылі Алімпійскі храм

Да сёлетняй летняй Алімпіяды ў Парыжы адкрылі Алімпійскі храм. Гэта знакавы для горада касцёл святой Марыі Магдалены – Ля Мадлен, у самым цэнтры французскай сталіцы.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Гэта сумесны праект дзяржавы і касцёла. Да 8 верасня 2024 года тут будзе Алімпійская парафія і, між іншым, месца духоўнага адпачынку для спартсменаў. Штодзённыя набажэнствы падчас Гульняў будуць праходзіць кожны дзень для розных краін-удзельніц, запланаваны музычныя праграмы і іншыя мерапрыемствы.

Пасля двух гадоў інтэнсіўных работ некалькі тыдняў таму быў завершаны рамонт фасада. Укладзена каля дзесяці мільёнаў еўра, заменена больш за 150 кубаметраў каменя і сотні квадратных метраў пакрыцця. Імша на адкрыццё Алімпійскай парафіі адбылася ў мінулую пятніцу, 19 ліпеня 2024 года. Літургію ўзначаліў арцыбіскуп Парыжа Ларан Ульрыш.

Побач з старшынёй Міжнароднага алімпійскага камітэта Томасам Бахам і мэрам Парыжа Ан Ідальга ў першым шэрагу таксама сядзелі два прадстаўнікі ўрада: міністр культуры Рышада Даці і міністр спорту Амелі Удэа-Кастэра, былі паслы з многіх краін свету. На пачатку Імшы арцыбіскуп Ульрыш зачытаў Пасланне міру ад Папы Францішка.

100 гадоў таму, у 1924 годзе, калі Францыя ўпершыню прымала Алімпійскія гульні, Імшу адкрыцця цэлебравалі ў сталічным Нотр-Дам. Гэтым разам не атрымалася – пасля пажару ў саборы ў 2019 годзе.

Наведвальнікаў Ля Мадлен і ўдзельнікаў набажэнстваў будзе сустракаць неардынарны Алімпійскі храм: калі экстэр'ер тут выкананы па ўзоры старажытнага храма, інтэр'ер 1830-х гадоў з трыма паслядоўнымі купаламі адсылае да стылю рымскіх тэрмальных лазняў.

Пасля заканчэння летніх Алімпійскіх гульняў пачнецца рэстаўрацыя задняга і бакавога фасадаў храма. Яна працягнецца пяць-шэсць гадоў. Тады, згодна з планам, касцёл святой Марыі Магдалены будзе выглядаць лепш, чым калі-небудзь за ўсю сваю нялёгкую гісторыю.
 

24 ліпеня 2024, 10:40