Пошук

Ліна Тамбалата Дорыс і Нікола Гавоні Ліна Тамбалата Дорыс і Нікола Гавоні 

У Рыме ўручылі Прэмію імя Хаакіна Навара-Вальса

8 ліпеня 2024 года ў Капіталійскіх музеях Рыма прайшла цырымонія ўручэння Міжнароднай прэміі імя Хаакіна Навара-Вальса. Яе прысуджае Фонд біямедыцынскага ўніверсітэта (Campus Bio-Medico).

Марыя Валодзіна - Vatican News

Узнагарода За лідарства і добразычлівасць была ўручана ў дзвюх узроставых катэгорыях: старэйшай (senior) і малодшай (junior). Прэмію ў катэгорыі старэйшын атрымала Ліна Тамбалата Дорыс, заснавальніца Фонду імя Эніа Дорыса. Яна была ўзнагароджана за шматлікія праекты на карысць дзяцей, сем'яў, універсітэцкай моладзі і пажылых людзей.

30-гадовы Нікола Гавоні, заснавальнік дабрачыннай арганізацыі Still I Rise, атрымаў узнагароду ў катэгорыі юніёраў за адукацыйную дзейнасць на карысць маладых мігрантаў, дзяцей і падлеткаў ва ўразлівых сітуацыях у розных рэгіёнах свету. Still I Rise працуе ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, Емене, Індыі, Калумбіі, Кеніі і Сірыі. У 2020 годзе Нікола Гавоні быў намінаваны на Нобелеўскую прэмію міру.

Узнагарода За лідарства і добразычлівасць носіць імя Хаакіна Навара-Вальса – урача, журналіста і прэс-сакратара Яна Паўла II. Ён узначальваў Залу Друку Святога Пасада на працягу 22 гадоў: з 1984 па 2006 год. Прэмія падкрэслівае важнасць салідарнасці і добразычлівасці для стварэння больш адказнага, устойлівага, інклюзіўнага і ўважлівага да годнасці чалавека грамадства.

Некаторыя ўдзельнікі цырымоніі падзяліліся сваімі ўспамінамі пра Навара-Вальса, які памёр 5 ліпеня 2017 года. Італьянскі журналіст Феруча дэ Борталі, які працаваў з ім над публікацыяй кнігі Яна Паўла II Памяць і ідэнтычнасць (Memoria e identità), узгадаў здольнасць Навара-Вальса будаваць адносіны на аснове даверу, а таксама яго погляд на ўладу, як на адказнасць, а не самавольства. На думку ватыканісткі Валянціны Алазракі, Ян Павел II і Навара-Вальс падзялялі адну і тую ж ідэю інстытуцыйнай камунікацыі, прафесіяналізму і лідарства, аб'яднанага з чалавечнасцю.

09 ліпеня 2024, 13:04