Пошук

Ватыканская каманда па крыкеце ў Вялікабрытаніі Ватыканская каманда па крыкеце ў Вялікабрытаніі  

Ватыканская каманда па крыкеце з турам па Вялікабрытаніі

Ватыканская каманда па крыкеце ў рамках свайго тура па Вялікабрытаніі згуляла тры матчы з мясцовымі клубамі. Свае пасланні да спартсменаў накіравалі Папа Францішак і кароль Карл ІІІ.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Матч з камандай Універсітэта Сэнт-Мэры з лонданскага раёна Твікенхэм прайшоў 1 ліпеня 2024 года на пляцоўцы для крыкету Арундэл на паўднёвым узбярэжжы Англіі. Ён знаходзіцца недалёка ад аднайменнага замка, частка якога была пабудавана ў XI стагоддзі і калісьці была домам святога мучаніка Філіпа Говарда. Гульня была напружанай да апошняга овера, і ў выніку брытанцы саступілі ўсяго пяць ачкоў.

На наступны дзень пасля матчу ватыканская каманда наведала Каралеўскую капліцу – асабістае месца малітвы караля Карла III, дзе прайшло экуменічнае набажэнства. Візіт адбыўся напярэдадні чарговай гульні, якая прайшла 3 ліпеня ў каралеўскай рэзідэнцыі ў Віндзорскім замку, супраць каманды King's XI.

Перад ёй ксёндз Імон О’Хігінс, менеджар ватыканскай каманды, зачытаў пасланне Папы Францішка. Ён накіраваў прывітанне абедзвюм камандам і выказаў надзею на тое, што мерапрыемства стане нагодай для “навядзення мастоў братэрскай салідарнасці, спрыяння хрысціянскаму адзінству і прасоўвання шчодрых дабрачынных ініцыятыў”.

Кароль Карл ІІІ таксама падрыхтаваў пасланне з гэтай нагоды. Манарх адзначыў, што гэта чацвёрты матч паміж ватыканскай і каралеўскай камандамі, і выказаў задавальненне тым, што гульцоў “зноў аб'яднала любоў да крыкету”.

У сустрэчы перамагла каманда King's XI. Яна стала кульмінацыяй ватыканскага тура Святло веры па Вялікабрытаніі – дзясятай замежнай паездкі каманды з моманту яе заснавання ў 2014 годзе.

Апроч згаданых двух матчаў, адбыўся яшчэ адзін – з камандай England Seniors 29 чэрвеня 2024 года.
 

04 ліпеня 2024, 11:28