Пошук

Кардынал Блэз Сьюпіч прамовіў малітву на Нацыянальным з'ездзе Дэмакратычнай партыі ЗША Кардынал Блэз Сьюпіч прамовіў малітву на Нацыянальным з'ездзе Дэмакратычнай партыі ЗША  (2024 Getty Images)

Кардынал маліўся на нацыянальным з'ездзе дэмакратаў у ЗША

Арцыбіскуп Чыкага, кардынал Блэз Сьюпіч прамовіў малітву ў першы дзень Нацыянальнага з'езду Дэмакратычнай партыі ЗША, які праходзіў у гэтым горадзе.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

На з'ездзе Камала Харыс і Цім Вальц афіцыйна сталі кандыдатамі ад Дэмакратаў на пасады прэзідэнта і віцэ-прэзідэнта Злучаных Штатаў на лістападаўскіх выбарах.

У сваёй малітве кардынал Сьюпіч звярнуўся да Бога з просьбай дапамагчы амерыканцам зразумець сваю грамадзянскую адказнасць і адказаць на яе. Ён падкрэсліў, што ЗША – гэта нацыя, якая складаецца з розных людзей і культур, аб'яднаных імкненнем да жыцця, свабоды, справядлівасці і бязмежнай надзеі.

Іерарх таксама маліўся аб міры, асабліва для тых, хто пакутуе ад бессэнсоўных войнаў, і заклікаў да актыўных дзеянняў па будаўніцтву агульнага дабра. Ён прасіў Бога, каб народ імкнуўся да будучыні, напоўненай любоўю, і павялічыў свае намаганні па ўсталяванні міру ў параненым свеце.

Блэз Джозэф Сьюпіч з'яўляецца арцыбіскупам Чыкага з 2014 года і кардыналам з 2016 года.
 

22 жніўня 2024, 09:10