Лацінскі Патрыярх Іерусаліма: перспектывы перамоў абнадзейваюць
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Я лічу, што цяпер існуюць найлепшыя ўмовы для дасягнення пагаднення. Вядома, заўсёды знойдуцца тыя, хто будзе супраць, ёсць шмат перашкод, але я мяркую, што ўмовы саспелі для таго, каб завяршыць гэту фазу вайны і тым самым пазбегнуць эскалацыі за кошт прамога ўмяшання Ірана і пашырэння вайны таксама на Ліван”, - сказаў кардынал П’ербаціста Піцабала, заўважаючы, што “перспектывы абнадзейваюць”, нават нягледзячы на існуючыя цяжкасці, якіх шмат.
Патрыярх лічыць, што не варта мець ілюзій на хуткі мір. “Канфлікт яшчэ не завершаны і мы цудоўна бачым гэта ў Газе, дзе пастаянна праводзяцца бамбардзіроўкі, на вачах усіх адбываецца трагедыя, якая не дае нам спакою”, - дадаў ён.
Іерарх распавёў, што Лацінскі Патрыярхат Іерусаліма аказвае дапамогу невялікай каталіцкай супольнасці на поўначы сектара Газа, у тым ліку пры падтрымцы многіх дабрачынных арганізацый. “Вельмі прыемна бачыць як у гэтай вельмі цяжкай і трагічнай сітуацыі ёсць таксама моцная салідарнасць”, - сказаў кардынал.
Каментуючы напад ізраільскіх экстрэмістаў на палесцінскае паселішча на Заходнім беразе ракі Іардан, Патрыярх заўважыў, што гэта толькі адзін эпізод у шэрагу падзей, якія характарызуюць напружанасць у рэгіёне ў апошнія месяцы і робяць жыццё палесцінскага насельніцтва ўсё больш складаным.
“Рызыка выбуху існуе, таму неабходна правесці вялікую працу, перш за ўсё для спынення агню ў Газе, а затым для аднаўлення парадку, бяспекі і звычайнага жыцця – наколькі мы можам казаць пра звычайнае жыццё – на ўсім Заходнім беразе. Карацей кажучы, нам трэба перагарнуць старонку. Гэта нялёгка. Тое, што мы бачым на Заходнім беразе – гэта наглядны, канкрэтны прыклад таго, як нянавісць, крыўда, пагарда прыводзяць да такіх форм гвалту, якія становяцца ўсё больш экстрэмальнымі і якія ўсё цяжэй стрымліваць. Таму мы павінны ўпарта працаваць, не толькі ў палітычным, але і ў рэлігійным плане, бо аснова гэтага гвалту з’яўляецца таксама рэлігійнай. Неабходна працаваць, каб гэтыя злачынцы, гэтыя экстрэмісты былі аддалены, ізаляваны і не мелі той сілы, якую маюць зараз”, - сказаў Лацінскі Патрыярх Іерусаліма.