Пошук

Айцец Франчэска Патон Айцец Франчэска Патон 

Кустод Святой Зямлі пра “падвешаную” сітуацыю ў рэгіёне

Кустод Святой Зямлі, айцец Франчэска Патон, у інтэрв'ю місіянерскаму агенцтву AsiaNews апісаў сітуацыю на Блізкім Усходзе як "сюррэалістычна спакойную".

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Ён адзначыў, што ў рэгіёне пануе атмасфера "падвешанасці", бо ўсе адчуваюць набліжэнне нечага, але ніхто не ведае, што менавіта, калі і дзе адбудзецца.

Пасля 10 месяцаў вайны ў Сектары Газа, якая пачалася ў адказ на напад Хамаса, шанцы на мір ці перамір'е значна зменшыліся. Францішканін падкрэсліў, што сітуацыя становіцца ўсё больш палярызаванай, а ізраільскае грамадства не ў стане супрацьстаяць дзеянням радыкальных яўрэйскіх груп, якія апраўдваюць выкарыстанне сілы і голаду як зброі супраць палесцінцаў.

Кустод выказаў занепакоенасць наконт магчымага пашырэння канфлікту на Ліван, адзначаючы, што большасць ліванцаў не жадае вайны, але некаторыя групы імкнуцца да правакацый.

Ён таксама падкрэсліў важнасць захавання хрысціянскай супольнасці ў Святой Зямлі, адзначаючы, што без зямельнай уласнасці хрысціяне вымушаны эміграваць. У інтэрв’ю Патон апісвае цяжкае становішча хрысціян у Газе, на Заходнім беразе і ў Галілеі, дзе многія сутыкаюцца з беспрацоўем і збядненнем.

Нягледзячы на змрочную карціну, манах апелюе да хрысціянскай надзеі, падкрэсліваючы, што для хрысціянства заўсёды ёсць магчымасць новага пачатку, нават калі застанецца толькі 12 чалавек.

На заканчэнне, кустод Святой Зямлі заклікаў свет не забывацца пра Блізкі Усход як у духоўным плане, праз малітву, так і ў практычным, праз палітычныя і дыпламатычныя намаганні для спынення вайны. Ён падкрэсліў неабходнасць палітычнага і дыпламатычнага рашэння, за якім павінна ісці эканамічная дапамога для аднаўлення рэгіёна.
 

13 жніўня 2024, 10:59