Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Біскупы краін ЕС пра крызіс у еўрапейскай адукацыі

Біскупы краін ЕС заклікаюць павысіць статус настаўнікаў, у тым ліку выкладчыкаў рэлігіі. Яны звярнулі ўвагу на значны недахоп педагогаў у еўрапейскіх краінах.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Камісія біскупскіх канферэнцый Еўрапейскай супольнасці (COMECE) выказала глыбокую занепакоенасць сітуацыяй, выяўленай у штогадовым дакладзе Еўракамісіі, які аналізуе змены ў сістэмах адукацыі па ўсім Еўрасаюзе.

Кіраўнік Камісіі па пытаннях культуры і адукацыі COMECE, польскі біскуп Януш Стэпноўскі, падкрэсліў, што недахоп настаўнікаў з'яўляецца крытычнай праблемай, якая мае сур'ёзныя наступствы для розных аспектаў адукацыі і сацыяльнай тканіны рэгіёнаў і мясцовых супольнасцей.

“Прафесія настаўніка, якая часта недаацэньваецца, павінна знаходзіцца ў цэнтры еўрапейскай адукацыйнай палітыкі”

COMECE падрыхтавала дакумент з шэрагам тэхнічных рэкамендацый для Еўрапейскага саюза і яго інстытутаў. У ім падкрэсліваецца неабходнасць большых інвестыцый у прафесійнае развіццё настаўнікаў. Камісія лічыць, што гэта мае фундаментальнае значэнне для інтэгральнага развіцця маладога пакалення і забеспячэння высакаякаснай і мэтанакіраванай адукацыі.

"Каталіцкі Касцёл са сваёй багатай адукацыйнай традыцыяй праз пачатковыя і сярэднія школы, інстытуты і ўніверсітэты можа зрабіць значны ўнёсак, выконваючы грамадскую службу, заснаваную на каштоўнасцях, якія могуць быць ключавымі для будучыні і місіі Еўрапейскага саюза," - гаворыцца ў дакуменце COMECE.

Камісія таксама падкрэсліла ролю настаўнікаў рэлігіі, якая "часта недаацэньваецца, але павінна прасоўвацца" для "размяшчэння гуманізму і чалавечай годнасці ў цэнтры адукацыйнага досведу". Акрамя таго, COMECE лічыць важным "прасоўванне элементарных рэлігійных ведаў у часы, калі грамадства становіцца ўсё больш шматкультурным і секулярызаваным".

“Інвестыцыі ў адукацыю – гэта інвестыцыі ў будучыню Еўропы”

Камісія біскупскіх канферэнцый Еўрапейскай супольнасці заклікала еўрапейскія інстытуты і ўрады краін-членаў ЕС прыняць неадкладныя меры для паляпшэння ўмоў працы настаўнікаў, павышэння іх сацыяльнага статусу і забеспячэння належнай падтрымкі іх прафесійнага развіцця. Гэта, на думку біскупаў, з'яўляецца ключавым фактарам для пераадолення крызісу ў еўрапейскай адукацыі і забеспячэння якаснага навучання для будучых пакаленняў еўрапейцаў.
 

24 верасня 2024, 09:58