Пошук

Папяровыя жураўлікі, вядомыя як сімвал міру, у офісе японскай канфедэрацыі арганізацый пацярпелых ад атамных бомбаў - Nihon Hidankyo Папяровыя жураўлікі, вядомыя як сімвал міру, у офісе японскай канфедэрацыі арганізацый пацярпелых ад атамных бомбаў - Nihon Hidankyo 

Нобелеўская прэмія міру: надзея на змены ў ядзернай палітыцы

Арцыбіскуп-эмерыт Нагасакі Джозэф Такамі выказаў надзею на тое, што ўзнагароджанне Нобелеўскай прэміяй міру руху Nihon Hidankyo паспрыяе змене стаўлення да ядзернай зброі. Ён нагадаў пра ініцыятывы Касцёла за свет без ядзерных узбраенняў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Іерарх выказаў падзяку Нобелеўскаму камітэту за "прызнанне важнасці прыцягнення ўвагі ўсяго свету да прасоўвання ідэі ліквідацыі ядзернай зброі". Ён падкрэсліў, што свету ўсё яшчэ патрэбна абуджаць свядомасць аб трагедыях, якія адбыліся з выкарыстаннем атамнай зброі падчас Другой сусветнай вайны.

Арцыбіскуп Такамі адзначыў, што шматлікія арганізацыі Хібакуша (тэрмін, які выкарыстоўваецца для апісання людзей, якія пацярпелі ад атамных бамбардзіровак Хірасімы і Нагасакі) і мірныя арганізацыі ў Японіі і ва ўсім свеце спрабавалі раскрыць, што адбылося пасля двух атамных бамбардзіровак у Хірасіме і Нагасакі, і заклікалі да ліквідацыі ядзернай зброі. Аднак іх галасы амаль ніколі не даходзілі да вушэй лідараў краін, якія валодаюць такой зброяй.

Іерарх выказаў надзею, што прысуджэнне сёлетняй Нобелеўскай прэміі дасць моцны штуршок да змены мыслення не толькі палітыкаў, але і грамадзян. Ён таксама нагадаў пра неадкладную патрэбу падпісання і ратыфікацыі дамовы аб забароне выкарыстання ядзернай зброі дзяржавамі, якія сёння з'яўляюцца прыхільнікамі валодання гэтым відам узбраення.
 

14 кастрычніка 2024, 11:39