Пошук

Аўгуста Піначэт і Хорхе Рафаэль Відэла, 19 студзеня 1978 г. Сустрэча ў Эль-Плумерыльё, Мендоса Аўгуста Піначэт і Хорхе Рафаэль Відэла, 19 студзеня 1978 г. Сустрэча ў Эль-Плумерыльё, Мендоса 

Чылі і Аргенціна: 40 гадоў міру дзякуючы папскаму пасрэдніцтву

Біскупы Чылі і Аргенціны правялі ўрачыстую Імшу ў чылійскім горадзе Бальмаседа, адзначаючы 40-годдзе падпісання дамовы, якая спыніла памежную спрэчку дзякуючы медыяцыі Апостальскай Сталіцы.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У санктуарыі Маці Божай Супакою, размешчаным непадалёк ад мяжы з Аргенцінай, сабраліся каля 300 чалавек з абедзвюх краін. Урачыстасць была арганізавана апостальскім вікарыятам Айсэн у Чылі і дыяцэзіяй Камадора-Рывадавія ў Аргенціне пад дэвізам Патагонія – зямля і народы міру.

“Медыяцыя Яна Паўла II прадухіліла вайну паміж народамі”

Галоўным цэлебрантам Імшы быў ардынарый дыяцэзіі Камадора-Рывадавія біскуп Хорхе Вагнер, які падкрэсліў: "Мы дзякуем Богу за тое, што праз пасрэдніцтва святога Яна Паўла II і кардынала Саморэ ўдалося пазбегнуць канфлікту, які мог перарасці ў крывавую вайну паміж нашымі народамі".

Спрэчка вакол астравоў у праліве Бігль была вырашана дзякуючы пасрэдніцтву Святога Пасада, у тым ліку асабіста Яна Паўла ІІ. Яго спецыяльным пасланнікам у 1978-1983 гадах быў італьянскі кардынал Антоніа Саморэ.

“Папская медыяцыя – прыклад для будучых пакаленняў”

Біскуп Луіс Інфанці, апостальскі вікарый Айсэна, у сваім выступленні адзначыў важнасць захавання памяці пра гэтыя падзеі: "Сёння мы святкуем не проста гістарычную падзею, але жывое сведчанне таго, як Касцёл можа дапамагчы ў будаванні міру паміж народамі".

У санктуарыі былі вывешаны сцягі Чылі, Аргенціны і Святога Пасада як сімвал адзінства і міру. Прадстаўнікі грамадзянскіх і вайсковых уладаў абедзвюх краін падкрэслілі значэнне папскай медыяцыі для будучыні рэгіёна і выказалі падзяку Апостальскай Сталіцы за яе ролю ў прадухіленні ўзброенага канфлікту.
 

23 кастрычніка 2024, 10:26