Палітыкі і грамадскія дзеячы з Ізраіля і Палесціны ў Ватыкане Палітыкі і грамадскія дзеячы з Ізраіля і Палесціны ў Ватыкане  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Францішак пазнаёміўся з мірным планам для Святой Зямлі

Эхуд Ольмерт, былы прэм’ер-міністр Ізраіля, і Насер Аль-Кідва, які раней займаў пасаду міністра замежных спраў Палесціны, расказалі L’Osservatore Romano пра дэталі мірнага плану для Святой Зямлі, які прадставілі Папу 17 кастрычніка 2024 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Папа прысвяціў нам больш за паўгадзіны. Ён сказаў, што кожны дзень сочыць за развіццём канфлікту і знаходзіцца ў кантакце з хрысціянамі Газы”, - сказаў пасля аўдыенцыі былы палесцінскі міністр.

Аль-Кідва адзначыў, што ўдзельнікі сустрэчы прадставілі Францішку сваю мірную прапанову па сектары Газа, “якая прадугледжвае неадкладнае спыненне агню, вызваленне ізраільскіх заложнікаў, якія ўсё яшчэ ўтрымліваюцца Хамас, а таксама вызваленне пэўнай колькасці палесцінцаў, якія знаходзяцца ў ізраільскіх турмах і аднаўленне перамоў аб стварэнні дзвюх асобных дзяржаў, якія суіснуюць у міры”.

Эхуд Ольмерт, у сваю чаргу, патлумачыў, што мірны план, прадстаўлены Папу, прадугледжвае, што прыкладна 4 працэнты палесцінскай тэрыторыі будуць далучаны да Ізраіля – у першую чаргу землі, дзе былі створаны калоніі ізраільскіх пасяленцаў. У абмен такая ж частка ізраільскай тэрыторыі будзе перададзена палесцінцам, каб стварыць калідор, які злучыць Заходні бераг ракі Іардан і сектар Газа.

Згодна з прапановай, Ізраіль таксама павінен вывесці свае войскі з сектара Газа і дазволіць стварэнне часовай палесцінскай структуры – Рады камісараў – для кіравання ім. У гэту структуру не будуць уваходзіць палітыкі, а толькі “тэхнакраты і прызнаныя прафесіяналы”. Яна павінна быць звязана з Саветам міністрам Палесцінскай аўтаноміі, якому належыць падрыхтаваць правядзенне выбараў на ўсіх палесцінскіх тэрыторыях на працягу двух-трох гадоў.

У якасці гаранта міру ў сектары Газа павінна быць часова размешчана ваенная місія арабскіх краін, задача якой будзе заключацца ў забеспячэнні стабільнасці пасля вываду ізраільскіх войск. Гэтыя арабскія сілы павінны падтрымліваць сувязь з Палесцінскай нацыянальнай адміністрацыяй і Радай камісараў. Асноўнай задачай арабскай вайсковай місіі было б прадухіленне магчымых далейшых нападаў на Ізраіль з сектара Газа. План прадугледжвае, што Палесціна будзе дэмілітарызаванай дзяржавай, а ўнутраны парадак і бяспеку на яе тэрыторыі будзе падтрымліваць толькі паліцыя.

Згодна з планам, Іерусаліму павінен быць нададзены асаблівы статус, які будзе гарантавацца пяццю дзяржавамі (сярод якіх Ізраіль і Палесціна). Іерусалім, як сталіца Ізраіля, будзе ўключаць тыя часткі горада, якія належалі Ізраілю да 1967 года. У сваю чаргу Іерусалім, як сталіца Палесціны, уключаў бы арабскія кварталы, якія да 1967 года не былі часткай Ізраіля. Стары горад не будзе палітычна падпарадкоўвацца ні адной з дзяржаў, а будзе прысвечаны тром монатэістычным рэлігіямі, якія лічаць яго святым месцам.
 

18 кастрычніка 2024, 12:39