Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Вялікабрытанія: закон аб эўтаназіі выклікае трывогу ў Касцёле

Кардынал Вінсэнт Нікалс выказаў занепакоенасць магчымай легалізацыяй эўтаназіі ў Вялікабрытаніі, папярэджваючы аб яе негатыўных наступствах для грамадства.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Старшыня епіскапату Англіі і Уэльса, звярнуўся да вернікаў Вестмінстэрскай архідыяцэзіі з лістом, у якім выказаў сваю глыбокую занепакоенасць адносна новага законапраекта аб так званым дапаможным самагубстве, які неўзабаве будзе прадстаўлены ў брытанскім парламенце.

Права на смерць можа ператварыцца ў абавязак паміраць

У сваім пасланні іерарх падкрэсліў, што ў кожнай краіне, дзе было ўведзена такое заканадаўства, дапамога ў самагубстве і эўтаназія сталі "ўсё больш распаўсюджанымі і прымальнымі". Ён выказаў асаблівую трывогу наконт таго, што пасля прыняцця закона многія хворыя і інваліды будуць адчуваць ціск, каб скончыць сваё жыццё.

“Радыкальная змена, уведзеная новым законам, пагражае паступовым пераходам урачоў і медсясцёр ад абавязку клапаціцца пра чалавека да абавязку забіць гэтага чалавека”

Законапраект, які атрымаў назву закон Лідбітэр па прозвішчы дэпутаткі Лейбарысцкай партыі, якая прадставіць яго 16 кастрычніка 2024 года ў Палаце абшчын, прадугледжвае легалізацыю дапамогі ў самагубстве. Ёсць вялікая верагоднасць, што ён атрымае неабходную большасць галасоў, паколькі яго падтрымліваюць прэм'ер-міністр Кір Стармер, а таксама дэпутаты Лейбарысцкай і Кансерватыўнай партый.

Наш абавязак – абараняць жыццё і клапаціцца пра найбольш уразлівых

Кардынал Нікалс заклікаў вернікаў і ўсіх людзей добрай волі супрацьстаяць гэтаму заканадаўству, падкрэсліваючы, што кожнае чалавечае жыццё мае сваю ўнутраную каштоўнасць і годнасць, незалежна ад стану здароўя ці ўзросту. Ён таксама нагадаў пра важнасць паліятыўнай дапамогі і неабходнасць паляпшэння якасці жыцця цяжка хворых людзей, замест таго, каб прапаноўваць ім "лёгкі выхад" праз эўтаназію.

У заключэнні свайго ліста аўтарытэтны каталіцкі іерарх заклікаў вернікаў маліцца за тых, хто прымае рашэнні ў парламенце, каб яны кіраваліся мудрасцю і клопатам пра карысць усяго грамадства. Ён падкрэсліў, што легалізацыя эўтаназіі можа прывесці да непрадказальных наступстваў для грамадства і падарваць давер да медыцынскай прафесіі.
 

12 кастрычніка 2024, 11:34