Каталіцкі ўніверсітэт: моладзь ЗША непакояць змены клімату
Марыя Валодзіна, Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Большасць маладых амерыканцаў адчувае экалагічную трывогу і лічыць, што ўрад павінен вырашаць праблемы клімату. Пра гэта сведчаць вынікі нядаўняга апытання, пра якія паведаміў National Catholic Reporter.
Паводле даных нацыянальнага апытання, праведзенага Каталіцкім універсітэтам Найсвяцейшага Сэрца, амерыканская моладзь глыбока занепакоена зменамі клімату. Даследаванне ахапіла маладых людзей ва ўзросце ад 15 да 29 гадоў.
Вынікі паказваюць, што 55 працэнтаў рэспандэнтаў адчуваюць так званую экалагічную трывогу, якая істотна ўплывае на іх штодзённае жыццё. Гэта пачуццё звязана з шырокім спектрам перажыванняў: ад асабістых да глабальных.
Моладзь ЗША занепакоена ўплывам кліматычных змен на розныя аспекты жыцця. Так, 79 працэнтаў апытаных хвалююцца пра ўплыў на грамадства ў цэлым, 77 працэнтаў – пра якасць жыцця ў будучыні, а 82 працэнтаў – пра лёс наступных пакаленняў. Пры гэтым амаль тры чвэрці маладых людзей таксама турбуюцца пра ўплыў змены клімату на іх асабіста.
Цікава, што маладыя амерыканцы адчуваюць вялікую адказнасць за барацьбу са зменай клімату. Аднак яны мала вераць у эфектыўнасць індывідуальных дзеянняў. Большасць апытаных лічыць, што асноўную ролю ў вырашэнні кліматычных праблем павінны адыгрываць урад (57 працэнтаў) і мясцовыя органы ўлады (56 працэнтаў).
Адукацыйныя ўстановы таксама разглядаюцца як важныя ўдзельнікі гэтага працэсу – 33 працэнтаў рэспандэнтаў ускладаюць на іх адказнасць. Аднак толькі 18 працэнтаў маладых людзей лічаць, што рэлігійныя арганізацыі павінны ўдзельнічаць у вырашэнні кліматычных праблем.
На фоне гэтых настрояў маладога пакалення асабліва выразна выглядаюць розныя падыходы палітычных лідараў да пытання змены клімату. Віцэ-прэзідэнт Камала Харыс выступае за падтрымку экалагічна чыстай энергетыкі і кліматычных ініцыятыў. У той жа час былы прэзідэнт Дональд Трамп ставіць пад сумнеў сам факт змены клімату, і атрымаў значную фінансавую падтрымку ад нафтавых кампаній на сваю перадвыбарную кампанію.
Апытанне праводзілася на фоне экстрэмальных прыродных з'яў у ЗША. Летам краіна перажыла працяглыя перыяды спёкі і лясныя пажары. У Фініксе на працягу 113 дзён запар тэмпература паветра не апускалася ніжэй за 38 градусаў Цэльсія. Акрамя таго, нядаўна на ЗША абрынуўся ўраган Хелен, які нанёс значную шкоду.