Манахіня-юрыст атрымала прэстыжную прэмію ААН
Марыя Валодзіна, Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Нарадзіўшыся ў сям'і бедных фермераў італьянскага паходжання на поўдні Бразіліі, Мілезі пачала сваё манаскае жыццё ў 19 гадоў. На працягу чатырох дзесяцігоддзяў яна прысвяціла сябе служэнню бежанцам і мігрантам, працуючы ў якасці юрыста, сацыяльнага работніка і актывісткі.
Сёння сястра Разіта кіруе Інстытутам міграцыі і правоў чалавека (IMDH) у Бразіліі. Праз гэтую арганізацыю яна дапамагла тысячам мігрантаў і перамешчаных асоб атрымаць доступ да асноўных паслуг: жылля, аховы здароўя, адукацыі і юрыдычнай дапамогі. Яе дзейнасць не абмяжоўваецца толькі непасрэднай дапамогай людзям у патрэбе. Пад кіраўніцтвам Мілезі дзейнічае RedeMIR – нацыянальная сетка з 60 арганізацый, якая працуе па ўсёй Бразіліі, у тым ліку ў аддаленых памежных рэгіёнах. Гэтая сетка забяспечвае комплексную падтрымку бежанцам і мігрантам, дапамагаючы ім інтэгравацца ў новае грамадства.
Праца сястры Разіты істотна паўплывала на прававы ландшафт Бразіліі. Яна ўнесла значны ўклад у фарміраванне Закона аб бежанцах 1997 года і Закона аб міграцыі 2017 года. Гэтыя прававыя акты замацавалі важныя механізмы абароны перамешчаных асоб, палепшыўшы жыццё тысяч людзей.
Прэмія Нансена, заснаваная ў 1954 годзе ў гонар нарвежскага даследчыка і гуманіста Фрыцьёфа Нансена, з'яўляецца адной з самых прэстыжных узнагарод у галіне абароны правоў бежанцаў. Сярод яе лаўрэатаў – такія выбітныя асобы, як былая першая лэдзі ЗША Элеанора Рузвельт, дабрачынная арганізацыя Медыкі без межаў і былая канцлер Германіі Ангела Меркель.