Пошук

Ангела Меркель падчас аўдыенцыі ў Папы Францішка. Архіўнае фота (7.10.2021) Ангела Меркель падчас аўдыенцыі ў Папы Францішка. Архіўнае фота (7.10.2021)  (@VaticanMedia)

Ангела Меркель: Папа даў мне параду перад самітам G20

26 лістапада 2024 года адбудзецца прэзентацыя аўтабіяграфіі былога канцлера Германіі Ангелы Меркель. У выдавецтве Kiepenheuer & Witsch гэтае выданне прыраўноўваюць да працы дзяржаўнай вагі.

Ян Глінскі

Прэзентацыя аўтабіяграфіі пройдзе ў выглядзе дыскусіі паміж Ангелай Меркель і вядучай Эн Уіл у Нямецкім тэатры ў Берліне. Як паведамілі ў кёльнскім выдавецтве, кніга, якую Меркель напісала разам са сваім даўнім дарадцам Беатэ Баўман, будзе апублікавана больш чым у 30 краінах. У мас-медыя ўжо з’явіліся першыя ўрыўкі з кнігі.

Нямецкі штотыднёвік Die Zeit апублікаваў фрагмент аўтабіяграфіі Мэркель, у якім шматгадовая ўплывовая палітычная дзяячка ўзгадвае пра важную падказку, якую атрымала ад Папы Францішка ў 2017 годзе. Як канцлер Германіі яна сустракалася з Папам незадоўга да саміту G20 у Гамбургу. Па словах Меркель, тады сустрэча 20 найважнейшых прамыслова развітых краін арганізоўвалася не ў самы спрыяльны час: часткова з-за выхаду ЗША з Парыжскага кліматычнага пагаднення, пра што абвясціў прэзідэнт Дональд Трамп. Меркель спытала ў Папы, не называючы прозвішчаў, як бы ён парадзіў з прынцыпова рознымі меркаваннямі важных асобаў. “Ён адразу мяне зразумеў і наўпрост адказаў: “Гні, гні, гні, але глядзі, каб не зламалася”. У гэтым духу я старалася вырашыць сваю праблему з Парыжскім пагадненнем і Трампам у Гамбургу, хоць яшчэ і не ведала дакладна, што гэта значыць”, - напіснана ў аўтабіяграфіі.

Нямецкі штотыднёвік Jüdische Allgemeine, у сваю чаргу, апублікаваў фрагмент з успамінамі Меркель пра візіт у Ізраіль у 2008 годзе, калі тагачасны канцлер наведала Інстытут памяці пакутнікаў і герояў Халакосту Яд ва-Шэм у Іерусаліме, прыняла ўдзел у цырымоніі ўшанавання іх памяці, а потым накіравалася да помніка забітым дзецям.

“Я была тут не ўпершыню, я і раней некалькі разоў перажывала цырымоніі ў Мемарыяльнай зале. Але кожны раз, калі я прыязджала у гэтыя два месцы, у мяне літаральна стаяў камяк у горле. Якія неапісальныя пакуты прынесла яўрэйскай нацыі, Еўропе і свету масавае забойства шасці мільёнаў яўрэяў, учыненае Германіяй у часы нацыянал-сацыялізму”, – напісала ў сваёй аўтабіяграфіі Ангела Меркель.
 

22 лістапада 2024, 09:11