Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Біскупы Англіі і Уэльса: эўтаназія не павінна стаць законам

Біскупы Англіі і Уэльса заклікаюць вернікаў далучыцца да адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту ў абарону годнасці чалавечага жыцця на фоне разгляду закона аб эўтаназіі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Кардынал Вінсэнт Нікалс, арцыбіскуп Вэстмінстэра, разам з іерархамі Англіі і Уэльса выступіў з заклікам да ўсіх католікаў краіны. Іерархі просяць далучыцца да гадзіннай адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, якая адбудзецца падчас пасяджэння Канферэнцыі Біскупаў 13 лістапада ў 17.30. Гэта малітоўная ініцыятыва выкліканая разглядам у брытанскім парламенце законапраекта аб легалізацыі так званага "дапаможнага самагубства".

“Мы звяртаемся да Бога з просьбай аб абароне жыцця кожнага чалавека”

"У гэтую святую гадзіну мы будзем маліцца за годнасць чалавечага жыцця. Асабліва мы засяродзімся на апошнім этапе жыцця чалавека і будзем разам маліцца перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, каб дапаможнае самагубства не стала законам на нашых землях", - напісаў кардынал Нікалс у сваім звароце да вернікаў.

Іерарх падкрэсліў, што чалавечае жыццё нельга разглядаць як уласнасць, з якой можна рабіць усё, што заўгодна. Наадварот, яно з'яўляецца бязвыплатным дарам ад Бога.

Арцыбіскуп Вэстмінстэрскі выказаў асаблівую занепакоенасць тым, што прыняцце такога закона можа прывесці да сур'ёзных наступстваў для грамадства. "Падчас гэтай святой гадзіны мы будзем маліцца, каб розум і сэрца многіх адкрыліся на гэту прыгожую і вялікую праўду пра каштоўнасць, значэнне і прыгажосць кожнай чалавечай асобы", - падкрэсліў кардынал.

“Жыццё – дар, які трэба абараняць”

На думку іерарха, так званае "права на смерць" можа лёгка ператварыцца ў абавязак паміраць. Гэта створыць недапушчальны ціск на медыцынскіх работнікаў, прымушаючы іх удзельнічаць у пазбаўленні жыцця замест таго, каб лячыць і аздараўляць пацыентаў. "Мы павінны маліцца за тых, хто прапаноўвае дапамогу і суправаджэнне людзям у іх апошнія дні. Асабліва мы просім аб малітве за тых, хто займаецца паліятыўнай дапамогай", - заклікаў кардынал Нікалс.

Асаблівую ўвагу іерарх надае неабходнасці развіцця паліятыўнай дапамогі: "Людзі, якія працуюць у гэтай сферы, выконваюць цудоўную працу, акружаючы хворых клопатам і спачуваннем. Але ім патрэбна больш рэсурсаў. Менавіта ў гэта мы павінны ўкладаць сродкі, а не ў закон, які пакідае нас безабароннымі і стварае ціск, каб мы спрабавалі скончыць наша жыццё".

“Малітва павінна спалучацца з дзеяннем”

Падкрэсліваючы важнасць рашэння парламента, кардынал заахвочвае вернікаў пісаць лісты сваім дэпутатам з заклікам абараніць чалавечае жыццё. Ён таксама просіць усіх католікаў краіны далучыцца да малітвы за пашырэнне культуры жыцця ў Вялікабрытаніі і супраць прыняцця заканадаўства, якое можа падарваць фундаментальную каштоўнасць чалавечага існавання.
 

04 лістапада 2024, 11:06