Біскупы Нідэрландаў: антысемітызм – цяжкі грэх супраць Створцы
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
"Кожная форма антысемітызму і нянавісці да іншых з'яўляецца цяжкім грахом супраць Створцы кожнага з нас і вялікай несправядлівасцю ў дачыненні да нашых бліжніх", - падкрэслілі іерархі ў сваім звароце.
Яны выказалі глыбокую занепакоенасць узроўнем страху сярод яўрэйскай супольнасці і адзначылі, што неабходнасць масавай аховы месцаў культу, школ і іншых яўрэйскіх устаноў з'яўляецца трывожным знакам для грамадства.
"Наша краіна павінна быць бяспечным домам для кожнага чалавека, дзе розніца ў поглядах ці паходжанні ніколі не павінна весці да ізаляцыі, прыгнёту, а тым больш да насілля, вербальнага ці фізічнага", - падкрэслілі біскупы.
Яны заклікалі ўсіх грамадзян паважаць правы і годнасць кожнага чалавека, падкрэсліўшы, што гэта адзіны шлях да мірнага суіснавання. Нідэрландскія іерархі таксама выказалі падтрымку ўсім намаганням па гарантаванні бяспекі яўрэйскай супольнасці і заклікалі вернікаў маліцца за мір і паразуменне паміж усімі людзьмі.
Заява біскупаў была зроблена ў кантэксце нядаўніх падзей, калі пасля футбольнага матча паміж Аяксам і Макабі Тэль-Авіў адбыліся масавыя беспарадкі. Нягледзячы на забарону прапалесцінскіх дэманстрацый каля стадыёна, некаторыя пратэстоўцы спрабавалі прарвацца да спартыўнага аб'екта і атакавалі праваахоўнікаў феерверкамі і петардамі.