Вежы Нотр-Дам Вежы Нотр-Дам  (AFP or licensors)

Нотр-Дам: дэталі ўрачыстага адкрыцця ў снежні

Праз пяць гадоў пасля разбуральнага пажару парыжская базіліка Нотр-Дам рыхтуецца да ўрачыстага адкрыцця. 7 снежня 2024 года прэзідэнт Макрон выступіць з прамовай, а 8 снежня арцыбіскуп Ларан Ульрыш узначаліць першую Імшу.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Доўгачаканае вяртанне галоўнай святыні Францыі пачнецца з урачыстай цырымоніі 7 снежня 2024 года. Позна ўвечары на плошчы перад базілікай выступіць прэзідэнт Эмануэль Макрон. Месца правядзення прамовы выклікала спрэчкі паміж дзяржавай, якой належыць будынак, і Парыжскай архідыяцэзіяй – адзіным карыстальнікам храма. Урэшце было прынята рашэнне правесці прамову на плошчы, падкрэсліўшы тым самым раўнавагу паміж дзяржаўнымі і рэлігійнымі інтарэсамі.

“Нарэшце мы вяртаем цэнтр нашага духоўнага жыцця ў Парыжы”

Літургічная частка ўрачыстасцей пачнецца адразу пасля прэзідэнцкай прамовы. Арцыбіскуп Ульрыш адчыніць галоўную браму базілікі, пасля чаго ўпершыню пасля рэстаўрацыі загучаць знакамітыя арганы Нотр-Дам. Цырымонія ўключыць спеў Магніфікат, Ойча наш і ўрачысты гімн Te Deum. Завершыцца вечар культурнай праграмай, у якой асаблівае месца зоймуць выступленні касцельных музыкаў.

Галоўнай падзеяй 8 снежня 2024 года стане першая святая Імша ў адноўленай базіліцы, якую ўзначаліць арцыбіскуп Ульрыш у прысутнасці прэзідэнта Макрона. Літургія распачнецца а 10.30 з урачыстага асвячэння новага алтара. На гістарычную падзею збяруцца 150 біскупаў з Францыі і іншых краін свету, парафіяне Notre-Dame і людзі, якія маюць патрэбу ў дапамозе. Пасля Імшы для найбяднейшых удзельнікаў будзе арганізаваны пачастунак.

“Notre-Dame павінна заставацца не толькі месцам малітвы, але і прасторай сустрэчы вернікаў і няверуючых”

Святкаванні працягнуцца да 15 снежня 2024 года ў форме актавы. Кожны дзень будуць цэлебравацца асобныя Імшы для розных груп вернікаў: святароў, дыяканаў, семінарыстаў, супрацоўнікаў дыяцэзіі, манаскіх супольнасцей, дабрадзеяў, дабрачынных арганізацый, рамеснікаў, навучэнцаў і пажарных. Асаблівай падзеяй стане вяртанне 13 снежня 2024 года ў 16.30 выратаванай ад агню рэліквіі Цярновага Вянка.

З 8 снежня базіліка будзе адкрыта для наведвальнікаў з 17.30 да 22.00 пры ўмове папярэдняй бясплатнай рэзервацыі. Вячэрняя Імша 8 снежня таксама будзе даступная для вернікаў пасля рэгістрацыі. З панядзелка 9 да пятніцы 13 снежня 2024 года час наведвання - з 15.30 да 22.00, а ў суботу 14 і нядзелю 15 снежня 2024 года – з 15.30 да 20.00. Штодзённыя Імшы будуць цэлебравацца ў 10.30 пад кіраўніцтвам арцыбіскупа Ульрыша і ў 18.30.

Пачынаючы з 16 снежня Нотр-Дам вернецца да звычайнага графіка працы з 7.45 да 19.00 з трыма штодзённымі Імшамі і чатырма ў нядзелю. Наведвальнікі змогуць бясплатна зарэзерваваць час для візіту ці малітвы праз афіцыйны сайт базілікі і мабільны дадатак, які пачне працаваць у канцы лістапада. Рэзервацыю можна будзе зрабіць за 48 гадзін да наведвання. На цяперашні момант ужо зарэгістравана 37 тысяч пілігрымаў на наступныя месяцы.

Нядаўняя прапанова міністра культуры Францыі Рашыды Даці ўвесці плату за ўваход для турыстаў была адразу адхілена архідыяцэзіяй. "Для католікаў Notre-Dame – гэта не проста помнік архітэктуры, але месца, дзе прысутнічае сам Бог, і прастора сустрэчы паміж вернікамі і няверуючымі", - патлумачыў пазіцыю Касцёла арцыбіскуп Ульрыш.
 

15 лістапада 2024, 11:02