Пошук

Банеры з лагатыпам АБСЕ. Ілюстрацыйнае фота Банеры з лагатыпам АБСЕ. Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: АБСЕ трэба пазбегнуць падзелу на ідэалагічныя клубы

Выступаючы на Мальце, арцыбіскуп Пол Рычард Галахер выказаў занепакоенасць Святога Пасада паглыбленнем ідэалагічных разломаў у АБСЕ і заклікаў да аднаўлення духу супрацоўніцтва.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

На 31-й сустрэчы Савета міністраў АБСЕ на Мальце, якая праходзіць 5-6 снежня 2024, сакратар Святога Пасада па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі звярнуўся да прадстаўнікоў 57 краін-удзельніц з трох кантынентаў. Нягледзячы на шматлікія дасягненні арганізацыі за паўстагоддзя з моманту падпісання Хельсінкскага Заключнага акта, сёння АБСЕ сутыкаецца з сур'ёзнымі выклікамі.

Пагроза самаліквідацыі арганізацыі

"Было б вельмі прыкра, калі б дзяржавы-ўдзельніцы адмовіліся ад надзеі і паставілі пад пагрозу саму сутнасць АБСЕ, адмовіўшыся ад пошуку рашэнняў на аснове кансэнсусу", - падкрэсліў арцыбіскуп Галахер.

Высокі прадстаўнік Святога Пасада звярнуў увагу на тое, што цяперашнія цяжкасці ў працы АБСЕ адлюстроўваюць больш шырокую геапалітычную сітуацыю, асабліва ў кантэксце вайны ва Украіне. Працэдурныя праблемы, такія як працяглае прызначэнне на чатыры ключавыя пасады і адсутнасць дыскусій пра старшынства ў 2026 годзе, з'яўляюцца сімптомамі больш глыбокага крызісу.

Мір – гэта не проста адсутнасць вайны

"Мір – гэта не проста адсутнасць вайны ці падтрыманне балансу сіл, але хутчэй плён сяброўскіх адносін, канструктыўнага дыялогу і супрацоўніцтва паміж дзяржавамі", - нагадаў дыпламат пра асноўныя прынцыпы Хельсінкскага акта.

Галахер падкрэсліў унікальнасць АБСЕ як пляцоўкі для дыялогу, дзе разнастайнасць поглядаў з'яўляецца не перашкодай, а багаццем. Ён заклікаў удзельнікаў захаваць прыхільнасць да пошуку кансенсусных рашэнняў і не дапусціць пераўтварэння арганізацыі ў закрыты клуб аднадумцаў.

Неабходнасць дээскалацыі і разрадкі

"У момант, калі як ніколі патрэбныя дыялог, дээскалацыя і разрадка, надзвычай важна захаваць нашу Арганізацыю", - падкрэсліў прадстаўнік Святога Пасада, заклікаўшы ўсе бакі да перамоў.

Выступ арцыбіскупа Галахера на Мальце адлюстроўвае паслядоўную пазіцыю Святога Пасада, які неаднаразова падкрэсліваў значэнне духу Хельсінкі для захавання міру і бяспекі ў Еўропе. Гэта пазіцыя супадае з агульным накірункам дзейнасці Папы Францішка, які рэгулярна заклікае да дыялогу і супрацоўніцтва замест канфрантацыі і падзелаў.
 

06 снежня 2024, 10:57