Біскупы краін ЕС выказалі падтрымку Украіне напярэдадні зімы
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Старшыня Камісіі Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці (COMECE), біскуп Марыяна Крачата накіраваў ліст да Усеўкраінскай Рады Касцёлаў і Рэлігійных Арганізацый, у якім падкрэсліў, што дух спачування і падтрымкі Украіны быў моцна адчувальны падчас малітваў і дыскусій на апошнім восеньскім пленарным сходзе COMECE.
"Ужо больш за 1000 дзён вы перажываеце велізарныя выпрабаванні і пакуты ў выніку поўнамаштабнай ваеннай агрэсіі Расіі. Маштаб разбурэнняў надзвычайны, мільёны людзей вымушаны былі пакінуць свае дамы, і вельмі шмат чалавечых жыццяў было страчана – як сярод цывільных, так і сярод абаронцаў Радзімы", - адзначыў біскуп Крачата.
У сувязі з набліжэннем зімы іерархі краін Еўрасаюза застаюцца адзінымі ў малітве за ўкраінскі народ. "Сярод холаду і страху, якія зараз перажываюць многія нашы браты і сёстры, мы молімся, каб ніхто не адчуваў сябе пакінутым. Няхай усе, хто пакутуе ад наступстваў вайны, знойдуць цяпло, прытулак і гасціннасць", - напісаў старшыня COMECE.
Біскуп Крачата таксама падкрэсліў, што набліжэнне Божага Нараджэння прыносіць святло надзеі. "Мы жадаем падзяліцца з усімі жыхарамі Украіны, якія пакутуюць, пасланнем Князя Міру, Які пераадольвае ўсе межы і заклікае нас да салідарнасці і чалавечага братэрства ў нашых сэрцах і дзеяннях", - заключыў ён.