Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Даклад Caritas: 52 краіны ахоплены ўзброенымі канфліктамі

Caritas Італіі прадставіла даклад пра забытыя войны і канфлікты ў свеце. У 2023 годзе 52 краіны былі ахоплены ўзброенымі канфліктамі, 4 з іх – вельмі высокай інтэнсіўнасці.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Восьмы даклад каталіцкай дабрачыннай арганізацыі пад назвай Вяртанне зброі. Войны нашага часу быў прадстаўлены 9 снежня 2024 года ў Рыме. Ён паказвае, што сусветная фрагментарная вайна, пра якую часта гаворыць Папа Францішак, ахоплівае шматлікія краіны з рознай ступенню інтэнсіўнасці і часта ігнаруецца асноўнымі СМІ.

Даследаванне паказвае, што сёння ў свеце існуе чатыры канфлікты вельмі высокай інтэнсіўнасці: у М'янме, Судане, паміж Ізраілем і ХАМАС, а таксама паміж Расіяй і Украінай. Акрамя таго, налічваецца 20 войнаў высокай інтэнсіўнасці з колькасцю ахвяр ад 1000 да 9999 чалавек.

За апошнія пяць гадоў Caritas Італіі рэалізавала 1351 праект у 28 краінах, якія пацярпелі ад экстрэмальных канфліктаў. Больш за палову рэсурсаў было накіравана менавіта ў зоны баявых дзеянняў.

Асаблівую занепакоенасць выклікае тое, што многія канфлікты застаюцца па-за ўвагай СМІ. У 2023 годзе шэсць краін, дзе вядуцца баявыя дзеянні (Бангладэш, Эфіопія, Гватэмала, Гандурас, Ірак і Кенія), наогул не згадваліся ў італьянскіх тэленавінах.

"Сацыялагічнае даследаванне Demopolis паказвае, што 72 працэнтаў італьянцаў выступаюць за ўмацаванне ролі ААН у вырашэнні канфліктаў. 80 працэнтаў апытаных лічаць, што войнаў можна пазбегнуць, а 74 працэнта выступаюць супраць ваенных інтэрвенцый і падтрымліваюць толькі палітычнае пасрэдніцтва", - адзначаецца ў дакладзе Caritas.

Па словах арцыбіскупа Карла Марыі Рэдэлі, старшыні Caritas Італіі, Юбілейны 2025 год павінен стаць часам для актыўнага садзейнічання міру і справядлівасці.
 

10 снежня 2024, 12:27