Як святкуюць Каляды 2,5 мільярда хрысціян ад Перу да Індыі?
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Каля 2,5 мільярдаў хрысціян па ўсім свеце рыхтуюцца да святкавання Божага Нараджэння, кожны са сваімі ўнікальнымі традыцыямі і звычаямі.
Амерыка
Моніка Ладзініг, якая ўжо 25 гадоў жыве ў Зальцбургу, распавядае пра святкаванне на сваёй радзіме ў Ліме: "У нас гэта сапраўднае сямейнае свята". Дзень пачынаецца з сумеснага гатавання індычкі і традыцыйнага салодкага хлеба панетонэ. У поўнач, пасля ўрачыстага змяшчэння фігуркі Дзіцятка Езуса ў яслі, пачынаецца раздача падарункаў, а святкаванне працягваецца да самай раніцы.
У Мексіцы калядны перыяд пачынаецца 12 снежня са свята ў гонар Маці Божай Гвадэлупскай. З 16 снежня праводзяцца Posadas – інсцэніроўкі пошуку прытулку Марыяй і Юзафам. Сімвалічная піньята ў форме зоркі з сямю прамянямі сімвалізуе перамогу над сямю смяротнымі грахамі.
У Каракасе, сталіцы Венесуэлы, існуе адна з самых незвычайных калядных традыцый усвеце. Вернікі едуць на святочную Імшу на ролікавых каньках. Гарадскія ўлады спецыяльна перакрываюць вуліцы для аўтамабіляў і аўтобусаў, каб гарантаваць бяспечны праезд да храма. Хоць паходжанне гэтага звычаю застаецца загадкай, ён прыцягвае мноства ўдзельнікаў.
У Канадзе ёсць адмысловы паштовы адрас для Санта Клаўса: Santa Claus, North Pole, H0H 0H0. Гэты паштовы індэкс створаны па ўзоры сапраўднай канадскай сістэмы, але мае схаваны сэнс – ён нагадвае традыцыйны смех Санты "HO HO HO".
Афрыка і Азія
Ксёндз Ларан П'ер Шардэй апісвае, як у Тога калядная ноч ператвараецца ў сапраўднае свята музыкі і супольнасці. Урачыстасці пачынаюцца з канцэрта, працягваюцца святочнай паўночнай Імшой, а затым людзі збіраюцца на пляцы перад касцёлам, дзе да самай раніцы спяваюць, танцуюць і частуюцца.
Ксёндз Гарысан Маркозэ, які служыць у Тыролі, падкрэслівае асаблівую ролю дабрачыннасці ў індыйскіх калядных традыцыях. Акрамя ўпрыгожвання дамоў і касцёлаў зоркамі, вернікі актыўна дапамагаюць бедным, збіраючы для іх ежу і вопратку.
Еўрапейскія традыцыі
У Фінляндыі Каляды пачынаюцца з наведвання сауны, пасля чаго сем'і ідуць на могілкі продкаў, якія ў гэты вечар ператвараюцца ў мора святла. У Польшчы існуе павер'е пра тое, што ў Святую ноч жывёлы могуць размаўляць, таму нават хатняя жывёла атрымлівае кавалачак святочнай аблаткі.
22 снежня ўся Іспанія ўдзельнічае ў традыцыйнай каляднай латарэі, дзе галоўны прыз El Gordo можа прынесці шчасліўчыку некалькі соцень мільёнаў еўра. Гэта найбуйнейшая калядная латарэя ў свеце.
Ва Украіне існуе кранальная легенда пра бедную ўдаву, якая марыла ўпрыгожыць ёлку для сваіх дзяцей, але не мела грошай на ўпрыгажэнні. Раніцай яна выявіла, што павук сплёў на дрэве павуцінне, якое зіхацела ў промнях узыходзячага сонца, падарыўшы дзецям сапраўдны цуд. З тых часоў украінцы ўпрыгожваюць свае калядныя ёлкі павуціннем, што стала сімвалам надзеі і цудаў.
У Каталоніі традыцыйны батлейка мае адметную асаблівасць. Побач з традыцыйнымі фігуркамі Марыі і Юзафа, вала і асла, пастухоў і авечак, каталонцы змяшчаюць Caganer – гумарыстычную фігурку, якая часта выклікае ўсмешку і з'яўляецца сімвалам урадлівасці і спадзявання на добры год.