Пошук

Патрыярх Сірыйскай Каталіцкай Царквы Ігнацій Юсеф III Юнан Патрыярх Сірыйскай Каталіцкай Царквы Ігнацій Юсеф III Юнан  

Патрыярхі Сірыі моляцца за мірную перадачу ўлады

Патрыярхі Усходніх Цэркваў заклікаюць да мірнай перадачы ўлады ў Сірыі і просяць усе бакі пазбягаць насілля. Яны падкрэсліваюць важнасць захавання роўнасці ўсіх грамадзян.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У сувязі з працяглым крызісам у Сірыі, Патрыярх Сірыйскай Каталіцкай Царквы Ігнацый Юсэф III Юнан звярнуўся да вернікаў з заклікам да малітвы за бяспечны і спакойны пераходны перыяд.

Падчас нядзельнай літургіі ў сваёй рэзідэнцыі ў Ліване іерарх адзначыў, што "хваля рэвалюцый супраць урада і рэжыму" Башара Асада ператварылася ў жудасную вайну з катастрафічнымі наступствамі для ўсяго народа. Ён таксама паведаміў пра свае кантакты з епіскапамі Алепа, Хомса, Дамаска і Камішлі, запэўніваючы іх у малітоўнай падтрымцы.

Сірыйска-праваслаўны Патрыярхат на чале з патрыярхам Ігнацыем Эфрэмам II выступіў з афіцыйнай заявай, у якой падкрэсліў неабходнасць забеспячэння роўнасці ўсіх сацыяльных груп і грамадзян Сірыі, незалежна ад іх этнічнай, рэлігійнай і палітычнай прыналежнасці.

Паводле агенцтва Fides, заявы рэлігійных дзеячаў з'яўляюцца рэакцыяй на "супакойваючыя" публічныя выказванні ісламісцкіх груповак, якія адыгралі ключавую ролю ў падзенні сірыйскага рэжыму. Аднак духоўныя лідары заклікаюць да асцярожнасці ў ацэнцы далейшага развіцця падзей пасля звяржэння Башара Асада.
 

10 снежня 2024, 10:35