Патрыярхі Сірыі пра ўдзел хрысціян у аднаўленні дзяржавы
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У сумесным звароце, апублікаваным 29 снежня 2024 года на арабскамоўным хрысціянскім партале Abouna, патрыярхі падкрэсліваюць неабходнасць супрацоўніцтва паміж усімі сірыйцамі, як у краіне, так і за яе межамі, дзеля аднаўлення краіны.
Хрысціяне павінны адыграць ключавую ролю ў будучыні Сірыі
"Як хрысціянам нам выпадае адыграць на гэтым этапе ключавую і цэнтральную ролю праз супрацоўніцтва з усімі дзеля прагрэсу і аднаўлення Айчыны", - гаворыцца ў звароце. Іерархі падкрэсліваюць, што фарміраванне будучыні краіны патрабуе адзінства і "шырокага нацыянальнага дыялогу", які павінен умацаваць ідэнтычнасць Сірыі як разнастайнай і інклюзіўнай нацыі.
Санкцыі разбуральна ўплываюць на ўсе групы насельніцтва
Духоўныя лідары таксама звярнуліся да міжнароднай супольнасці з заклікам адмяніць эканамічныя санкцыі, накладзеныя на краіну, паколькі яны маюць разбуральныя наступствы для ўсіх груп насельніцтва. Яны падкрэсліваюць неабходнасць міжнароднай дапамогі ў аднаўленні краіны і абароне яе нацыянальнага суверэнітэту.
Зварот падпісалі грэка-мельхіцкі каталіцкі патрыярх Антыёхіі Юсэф Абсі, кіраўнік католікаў сірыйскага абраду Ігнацый Юсэф III Юнан і грэка-праваслаўны патрыярх Антыёхіі Юнан X Язігі. Іх сумесны голас падкрэслівае агульную пазіцыю хрысціянскіх Цэркваў у падтрымцы міру і аднаўлення Сірыі.