Пошук

Патрыярх Барталамей І Патрыярх Барталамей І  (ANSA)

Барталамей І: Раство Хрыстова – гэта не свята сентыменталізму

У святочным пасланні Патрыярх Канстанцінопальскі перасцерагае ад празмерных чаканняў ад новых тэхналогій, якія могуць нават перашкодзіць пазітыўнаму развіццю цывілізацыі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Ганаровы кіраўнік сусветнага праваслаўя падкрэслівае, што сёлетняе анёльскае пасланне міру з Бэтлеема зноў гучыць у свеце, поўным насілля, сацыяльнай несправядлівасці і зневажання чалавечай годнасці.

"Чалавек заўсёды большы за тое, што навука можа спасцігнуць і да чаго імкнецца тэхналагічны прагрэс", - падкрэслівае Патрыярх Барталамей І.

Пры гэтым Царква не з'яўляецца варожай да тэхналогій. Яна з задавальненнем прымае навуковыя веды як "дар, дадзены чалавеку Богам", не адмаўляючы і не хаваючы небяспекі, звязанай з абсалютызацыяй навукі.

"Раство Хрыстова – гэта не свята сентыменталізму, якое хутка прыходзіць і яшчэ хутчэй мінае", - звяртае ўвагу Барталамей. Гэта экзістэнцыяльны ўдзел ва ўсёй падзеі Божага збаўлення, калі Бог не толькі вызваляе ўсё чалавецтва, але і абнаўляе ўсё стварэнне.

Значная частка праваслаўных Цэркваў, уключаючы Канстанцінопальскую, Александрыйскую, Антыяхійскую, Румынскую, Балгарскую, Кіпрскую, Грэчаскую, Албанскую і Фінляндскую, святкуюць Божае Нараджэнне 25 снежня. У верасні 2023 года на гэты каляндар перайшла і Праваслаўная Царква Украіны.

Сярод тых, хто працягвае выкарыстоўваць юліянскі каляндар, святкуючы Божае Нараджэнне 7 студзеня, – Украінская Праваслаўная Царква, а таксама Праваслаўныя Цэрквы Расіі, Сербіі і Грузіі.
 

25 снежня 2024, 09:42