Каталіцкія спартсмены просяць спыніць войны на час спаборніцтваў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Старшыня ДССА Сэп Эпенштайнер нагадаў, што ўжо ў антычныя часы падчас Алімпійскіх гульняў дзейнічала перамір'е, і гэты прыклад варта пераняць і сучаснасці. "Практычна ўсе нацыі свету любяць спорт", - падкрэсліў ён. "Сілу спорту" трэба выкарыстоўваць больш актыўна, каб падчас глабальных ці кантынентальных спартыўных святаў зброя маўчала.
"На жаль, гэты шанц быў упушчаны ў апошнія гады. Але нейтральныя спартыўныя федэрацыі маглі б стаць надзейнымі пасрэднікамі", - адзначыў Эпенштайнер.
Касцельны спартыўны функцыянер таксама прапанаваў арганізоўваць круглыя сталы з удзелам прадстаўнікоў сусветных рэлігій падчас спартыўных мерапрыемстваў, каб паказаць вернікам, што мір з'яўляецца галоўным клопатам для ўсіх.
Сусветны дзень міру адзначаецца з 1967 года 1 студзеня, які ў Каталіцкім Касцёле з'яўляецца таксама ўрачыстасцю святой Багародзіцы Марыі. Перад Сусветным днём міру Папа штогод публікуе пасланне, прысвечанае асабліва актуальнай тэме. У 2025 годзе – гэта надзея і дараванне.
Дыкастэрыя па служэнню інтэгральнаму развіццю чалавека заклікае разглядаць "рэальнасць канфліктаў і сацыяльных грахоў, якія сёння мучаць чалавецтва" у "святле надзеі". Асабліва ў Святыя гады, якія наступаюць кожныя чвэрць стагоддзя, падтрымліваецца традыцыя дараванння грахоў і спісання даўгоў.