Святая Зямля без пілігрымаў: наступствы вайны
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Ізраільскі дыпламат і дарадца міністра турызму Пелег Леві адзначае, што сітуацыя з наведваннем святых месцаў застаецца складанай. Колькасць даступных рэйсаў у Ізраіль абмежаваная, а цэны на іх высокія. Ускладняюць сітуацыю і папярэджанні ў розных краінах аб небяспецы падарожжаў у рэгіён.
"Святы абяцаюць быць вельмі змрочнымі", - адзначыў Пелег Леві ў размове з нямецкім каталіцкім агенцтвам KNA. Паводле яго слоў, з пачатку года колькасць замежных гасцей скарацілася амаль на тры чвэрці да 900 тысяч чалавек.
Цэнтр Хрысціянскай Інфармацыі ў Іерусаліме пацвярджае значнае зніжэнне колькасці каталіцкіх груп. Сястра Наомі Цымерман паведаміла, што ў 2024 годзе толькі каля 2 тысяч груп (56 тысяч пілігрымаў) зарэзервавалі набажэнствы ў каталіцкіх святынях, у параўнанні з рэкорднымі 16 тысячамі груп (613 300 пілігрымаў) у 2019 годзе.
Асаблівую занепакоенасць выклікае лёс мясцовых работнікаў хрысціянскіх гасцініц і паломніцкіх цэнтраў. Многія ўстановы, у тым ліку Аўстрыйскі Дом Пілігрыма і абацтва Дарміцыё, імкнуцца захаваць сваіх супрацоўнікаў, нягледзячы на адсутнасць турыстаў і дзяржаўнай дапамогі па беспрацоўі.
Нягледзячы на складаную сітуацыю, Лацінскі Патрыярхат Іерусаліма працягвае планаваць мерапрыемствы на Святы 2025 год. Біскуп Рафік Нахра паведаміў пра падрыхтоўку сямейных праграм, моладзевых мерапрыемстваў і экуменічных сустрэч.