Пошук

Ікона Хрыстус - Збаўца і Хлеб Жыцця Ікона Хрыстус - Збаўца і Хлеб Жыцця 

Іконы з Усходняй Еўропы на выставе ў Вечным горадзе

У рымскім касцёле Сант-Аньезе-ін-Агонэ на плошчы Навона адкрылася выстава "Іконы надзеі", прымеркаваная да Святога 2025 года, што пачнецца 24 снежня.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Выстава ўключае 18 твораў сакральнага мастацтва з краін Усходняй Еўропы, якія будуць даступныя для наведвальнікаў бясплатна да 16 лютага 2025 года штодня з 9.00 да 19.00.

"Іконы – гэта больш, чым проста карціна", - падкрэсліў арцыбіскуп Рына Фізікела, адказны за правядзенне Юбілею хрысціянства. Ён адзначыў, што ў мінулыя стагоддзі пілігрымы часта бралі з сабой у падарожжа абразы, каб адчуваць сябе пад абаронай.

Дырэктарка Ватыканскіх музеяў Барбара Ята патлумачыла, што назва выставы Іконы надзеі звязана з дэвізам Святога 2025 года – Пілігрымы надзеі, інаўгурацыю якога правядзе асабіста Папа Францішак 24 снежня 2024 года. Прадстаўленыя сакральныя творы з Грэцыі, Балгарыі, Украіны, Расіі і Македоніі павінны стаць сімвалам міру і братэрства.

Экспазіцыя ўключае іконы, створаныя ў перыяд з XV па XX стагоддзе, на якіх адлюстраваны сцэны з жыцця Езуса, Марыі і святых. Мастакі выкарыстоўвалі разнастайныя матэрыялы: тэмперу на дрэве, алей, каштоўныя металы, эмаль і каштоўныя камяні.

Варта адзначыць, што пастаянная калекцыя ікон Ватыканскіх музеяў у цяперашні час недаступная для наведвальнікаў. Яна фарміравалася з 1762 года праз ахвяраванні і набыццё твораў для Апостальскай бібліятэкі, заснаванай Папам Бэнэдыктам XIV.
 

19 снежня 2024, 10:34