Польшча: у каталіцкім універсітэце запалілі агні надзеі
Марыя Валодзіна - Vatican News
На мерапрыемстве прысутнічалі біскуп Мечыслаў Чысла, прадстаўнік яўрэйскай супольнасці кантар Сымха Кэлер, а таксама шматлікія жыхары Любліна. Падзея адбылася ў сценах універсітэта ўжо ў трэці раз.
Прысутныя згадалі словы Папы Францішка, які 26 снежня 2024 года павіншаваў юдэяў з Ханукай, пажадаўшы ім міру і братэрства. Прагучалі каталіцкія і яўрэйскія гімны. Рэктар універсітэта, айцец Міраслаў Каліноўскі, у лісце да ўдзельнікаў цырымоніі падкрэсліў, што сумеснае святкаванне з'яўляецца яскравым сімвалам каталіцка-юдэйскага дыялогу, да якога заклікаў святы Ян Павел II. "Няхай святло Бэтлеема і Ханукі прынясе надзею ў 2025 годзе", - пажадаў ён.
Мерапрыемства было арганізавана Цэнтрам каталіцка-юдэйскіх адносін імя Абрама Хешэля пры Люблінскім каталіцкім універсітэце. Дырэктар Цэнтра, айцец Павел Рытэль-Адрыянік, адзначыў, што спалучэнне Бэтлеемскага агню са святлом Ханукі мае сімвалічны характар і падкрэслівае агульныя каштоўнасці міру, надзеі і супрацоўніцтва паміж хрысціянамі і юдэямі.
Прывітальныя пасланні ўдзельнікам мерапрыемства скіравалі кардынал Курт Кох, прэфект ватыканскай Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству, і прафесар Сюзанна Хешэль, дачка рабіна Абрама Хешэля.
Ханука – васьмідзённае юдэйскае Свята святла – адно з найважнейшых у юдаізме. Слова Ханука азначае прысвячэнне. Яно адзначае цуд, які адбыўся ў другім стагоддзі да нашай эры. Яўрэі атрымалі перамогу над грэкамі і пажадалі ачысціць Храм ад ідалаў, каб зноў прысвяціць яго Богу. Невялікай колькасці алею для меноры хапіла на восем дзён – час, неабходны для падрыхтоўкі чыстага рытуальнага алею. Гэта падзея адзначаецца рытуалам запальвання агнёў, свечак або алейных лампад, якія ўсталёўваюцца на спецыяльны падсвечнік. Гэта радаснае свята звычайна святкуецца ў коле сям'і.