Прынята рашэнне па кананізацыі Паўла VI і арцыбіскупа Рамэра
Разам з узгаданымі благаслаўлёнымі, кананізаваны будуць яшчэ чатыры асобы. Гаворка ідзе пра італьянскіх святароў: кс. Франчэска Спінэлі (1853-1913) і кс. Вінчэнца Рамана (1751-1831), нямецкую законніцу Марыю Катарыну Каспер (1820-1898) і іспанскую законніцу Назарыю Ігнасію Марч Мэсу (1889-1943).
Аб хуткай кананізацыі Паўла VI (1897-1978) Францішак казаў у лютым, падчас сустрэчы з духавенствам Рымскай дыяцэзіі. Джавані Батыста Манціні стане ўжо трэцім Пантыфікам, якога кананізуе цяперашні Папа. Раней ён далучыў да ліку святых Яна Паўла ІІ і Яна ХХІІІ. Беатыфікацыю Паўла VI таксама ўзначальваў Францішак. Гэта адбылося ў кастрычніку 2014 г. на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.
Менавіта ў 2014 г. здарыўся цуд, які прывёў Паўла VI да хвалы алтароў. Ён тычыўся невытлумачальнага аздараўлення цяжка хворай дзяўчынкі, якая знаходзілася ва ўлонні маці. Нягледзячы на неспрыяльныя прагнозы ўрачоў, жанчына малілася аб аздараўленні сваёй дачкі, просячы аб гэтым праз заступніцтва благаслаўлёнага Паўла VI, бо ведала: цуд, які паслужыў для яго беатыфікацыі, таксама быў звязаны са складанай цяжарнасцю.
Кананізацыя Паўла VI пройдзе ў 50-ю гадавіну яго энцыклікі “Humanae vitae” (Чалавечае жыццё), у якой тлумачыцца непрыняцце Касцёлам штучных метадаў кантрацэпцыі і асуджэнне палітыкі кантролю за нараджальнасцю, якую багатыя краіны навязвалі бедным. Павел VI, якому было наканавана закрываць Другі Ватыканскі Сабор, вядомы таксама актыўнай экуменічнай дзейнасцю і ўвагай да перыферый свету.
Ён стаў першым Пантыфікам, які пачаў актыўныя Апостальскія падарожжы па свеце, наведаўшы Святую Зямлю, Індыю, Турцыю, Калумбію, Уганду і іншыя краіны. Праблемы, якія ён убачыў там, знайшлі водгук у яго афіцыйных дакументах і пастырскіх ініцыятывах, накіраваных да дапамогу патрабуючым, спрыянне справядлівасці і інтэгральнаму развіццю.
Арцыбіскуп Сан-Сальвадора Оскар Арнульфа Рамэра-і-Гальдамес (1917-1980) вядомы як мужны пастыр і абаронца бедных. Ён таксама быў абвешчаны благаслаўленым падчас пантыфікату Францішка. Дэкрэт аб прызнанні яго мучаніцтва быў ухвалены ў лютым 2015 г. Урачыстую беатыфікацыю ўзначальваў кардынал Анджэла Амата, прэфект Кангрэгацыі па справах Кананізацыі. Яна прайшла ў мае 2015 г. у горадзе Сан-Сальвадор, дзе арцыбіскуп Рамэра выконваў сваё пастырскае служэнне і дзе быў забіты з нянавісці да веры.
Перад смерцю іерарх атрымліваў шматлікія пагрозы з боку вайсковай хунты і мясцовых экстрэмістаў ў Сальвадоры, у сувязі з яго рашучымі выступленнямі супраць няроўнасці, несправядлівасці, забойстваў і катаванняў. Іерарх быў застрэлены членам праварадыкальнай групоўкі на вачах вернікаў, падчас св. Імшы, якую цэлебраваў у капліцы сталічнага шпіталя. Гэта адбылося 24 сакавіка 1980 г., на наступны дзень пасля таго, як у гаміліі, ён звярнуўся да сумлення сальвадорскіх вайскоўцаў, каб спынілі насілле і парушэнні правоў чалавека.