Святы Пасад апублікаваў інструкцыю аб кантэмпляцыйным жыцці
Па даручэнні Пантыфіка над дакументам працавала Кангрэгацыя Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця.
Прадстаўляючы інструкцыю, сакратар узгаданай дыкастэрыі, арцыбіскуп Хасэ Радрыгес Карбальё падкрэсліў, што кожны кантэмпляцыйны кляштар мае юрыдычную аўтаномію, што прадугледжвае магчымасць кіравання ўсімі аспектамі жыцця, якое тут павінна быць прыкладам для Божага народа. Іерарх прызнаўся, што Кангрэгацыя са шкадаваннем адзначае існаванне кляштараў, якія ўжо не ў стане весці годнае жыццё. Такім чынам, паўстала неабходнасць заканадаўства, якое вызначае, калі і як ўмешвацца ў такіх сітуацыях.
Дакумент прадугледжвае, што паміж фундацыяй кляштару і стварэннем кляўзуры павінна прайсці не больш за 15 гадоў. У выпадку перавышэння гэтага перыяду Апостальская Сталіца павінна ўмяшацца. Ідэя ў тым, каб штучна не працягваць справы, якая не мае рэальнага шанцу ў будучыні.
Каб новы кляштар мог быць створаны, неабходна, па меншай меры, восем законніц, якія склалі ўрачыстыя шлюбы, прычым, яны павінны мець не вельмі сталы ўзрост. Дакумент прадугледжвае, што, калі колькасць сясцёр, якія склалі ўрачыстыя шлюбы, падае да пяці, супольнасць губляе права выбару сваёй настаяцельніцы. У такой сітуацыі, настаяцельніца федэрацыі кляштараў абавязана паінфармаваць Апостальскую Сталіцу, для стварэння спецыяльнай камісіі, што прадугледжана канстытуцыяй „Vultum Dei quarere”. Арцыбіскуп Карбальё адзначыў, што апісаная сітуацыя датычыць сёння вялікай колькасці кляштараў.
Інструкцыя таксама змяшчае спецыяльныя нормы, якія датычаць афіліравання, далучэння аднаго кляштару да іншага, у сітуацыі цяжкасцяў аднаго з іх.
Што тычыцца рэгулявання кляўзуры, шмат паўнамоцтваў атрымлівае вышэйшая настаяцельніца жаночага манаскага кантэмпляцыйнага інстытуту. Яна можа, напрыклад, даць дыспэнсу манахіні на прабыванне па-за кляўзурай да 15 дзён, а на больш доўгі тэрмін, пасля кансультацыі з сваёй радай.
Акрамя таго, інструкцыя ўводзіць пасаду федэральнай настаяцельніцы, якая павінна, напрыклад, прымаць удзел у кананічных візітацыях, суправаджаючы рэгулярнага візітатара.
Дакумент таксама шмат увагі надае пастаяннай фармацыі манахінь, а таксама сродкам сацыяльнай камунікацыі, рэкамендуючы стрыманасць у іх выкарыстанні.
Сёння ў свеце налічваецца 37 970 кантэмпляцыйных манахінь.