Ватыканскі банк апублікаваў справаздачу за 2017 год
У 2017 г. банк “працягваў разважліва прапаноўваць фінансавыя паслугі Каталіцкаму Касцёлу па ўсім свеце і ў Ватыкане”, - гаворыцца ў спецыяльным паведамленні.
За ўзгаданы перыяд Інстытут абслужыў каля 15 тыс. кліентаў з актывамі 5,3 мільярдаў еўра. У 2016 г. было 5,7 мільярдаў еўра. Канчатковы вынік склаў 31,9 мільёнаў еўра нета. У 2016 г. гэты паказчык быў на ўзроўні 36 мільёнаў еўра. Былі скарочаны выдаткі ватыканскай фінансавай установы, з 19,1 мільёнаў еўра ў 2016 г. да 18,7 мільёнаў еўра ў 2017 г. На 31 снежня 2017 г. уласны капітал Інстытута складаў 627,2 мільёнаў еўра, што, на думку кіраўніцтва, падкрэслівае яго высокую крэдытаздольнасць і нізкі профіль рызыкі.
У дадатак да гэтага, гаворыцца ў паведамленні, у 2017 г. былі рэалізаваны і дасягнуты важныя якасныя задачы, сярод якіх, інвестыцыі ў адпаведнасці з каталіцкай этыкай: павага да чалавечага жыцця, творчасці і чалавечай годнасці з’яўляюцца неад’емнымі каштоўнасцямі, якімі кіруецца ўстанова ў выбары інвестыцый.
Свае інвестыцыі Ватыканскі банк рабіў, у прыватнасці, на аснове карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці і ролі кампаній у стварэнні ўстойлівай будучыні. У 2017 г. Інстытут працягваў выключаць інвестыцыі ў кампаніі, якія парушаюць або не ў поўнай меры паважаюць глабальна прызнаныя прынцыпы ў галіне правоў чалавека, працоўных нормаў, барацьбы з карупцыяй і барацьбы з экалагічнымі злачынствамі. Ён таксама ўкладваў сродкі ў праекты, якія спрыяюць развіццю бедных краін і знаходзяцца ў адпаведнасці з рэалізацыяй устойлівай будучыні для наступных пакаленняў.
На працягу 2017 г. ватыканская фінансавая ўстанова ўдзельнічала ў шматлікіх дабрачынных і сацыяльных ініцыятывах. Гаворка ідзе як пра фінансавыя ахвяраванні, так і прапанаванні ўласных аб’ектаў нерухомасці на льготнай або бясплатнай аснове асобам і арганізацыям з сацыяльнымі мэтамі.