Папа змяніў назву Сакратарыята па камунікацыі
Аб рашэнні Святога Айца паведаміла 23 чэрвеня 2018 г. ватыканская газета “L’Osservatore Romano”, на старонках якой быў апублікаваны адпаведны рэскрыпт, падпісаны 28 лютага 2018 г. субстытутам па агульных справах Дзяржаўнага сакратарыяту, арцыбіскупам Анджэла Бэчу.
У дакуменце гаворыцца, што 27 лютага 2018 г. Францішак прыняў арцыбіскупа Бэчу на аўдыенцыі, падчас якой, выслухаўшы меркаванне Рады кардыналаў па дапамозе ў кіраванні Касцёлам і рэформе Рымскай курыі, пастанавіў, што адгэтуль і ў далейшым Сакратарыят па камунікацыі будзе называцца Дыкастэрыяй па камунікацыі. Рэскрыпт увайшоў у сілу з моманту яго публікацыі ў “L’Osservatore Romano” .
Сакратарыят па камунікацыі быў заснаваны Апостальскім лістом Папы Францішка ў форме “motu proprio” ад 27 ліпеня 2015 г. У яго кампетэнцыі знаходзіцца кіраванне ўсімі інфармацыйнымі структурамі Святога Пасаду. Перайменаванне ведамства абумоўлена ўніфікацыяй назваў новых дыкастэрый Рымскай курыі.