Пошук

Удзельніца малітоўнага чування падчас Сусветны дзён моладзі ў Рыа-дэ-Жанейра Удзельніца малітоўнага чування падчас Сусветны дзён моладзі ў Рыа-дэ-Жанейра 

Працоўны дакумент Сінода: моладзь прагне быць выслуханай

19 чэрвеня 2018 г. быў абнародаваны Працоўны дакумент (Instrumentum laboris) XV Звычайнай асамблеі Сінода Біскупаў, якая пройдзе 3-28 кастрычніка на тэму “Моладзь, вера і распазнанне паклікання”.

Дакумент, падзелены на тры часткі, кажа пра патрэбы, прагненні, страхі, расчараванні, выклікі і спадзяванні сучаснай моладзі. Падкрэсліваецца, што юнакі і дзяўчаты ва ўзросце ад 16 да 29 гадоў складаюць “чвэрць насельніцтва свету”, або каля 1,8 млрд чалавек.

У “Instrumentum laboris” уздымаецца пытанне аб тым, чаго прагне сучасная моладзь і чаго яна шукае ў Касцёле. Адзначаецца, што, у першую чаргу, моладзь жадае “аўтэнтычнага Касцёла”, які будзе ззяць “прыкладам, кампетэнцыяй, суадказнасцю і культурнай салідарнасцю”.

Моладзь прагне Касцёла, які будзе даваць сведчанне, раздзяляць “яе жыццёвую сітуацыю ў святле Евангелля”, а не проста даваць настаўленні. Моладзі патрэбны Касцёл, які будзе “празрыстым, гасцінным, сумленным, прывабным, камунікатыўным, даступным, радасным і інтэрактыўным”. Моладзь прагне Касцёла, які будзе “менш інстытуцыйным і больш адкрытым на адносіны, здольным прымаць, не асуджаючы загадзя”, які будзе “сяброўскім і блізкім, адкрытым і міласэрным”.

У той жа час, звяртаецца ўвага на існаванне вялікай колькасці людзей, якія нічога не прагнуць ад Касцёла, а жадаюць, каб іх проста пакінулі ў спакоі, разглядаючы Касцёл у якасці нязначнага суразмоўцы ці нават “надакучлівага і раздражняючага”. Для падобных меркаванняў ёсць прычыны, сярод якіх – сексуальныя і фінансавыя скандалы.

У сувязі з гэтым моладзь просіць Касцёл аб “нулявой талерантнасці ў адносінах да сексуальных злоўжыванняў ва ўласных структурах”, аб падрыхтаваных святарах, якія будуць ў стане ўлоўліваць яе чуллівасць. Моладзь жадае, каб Касцёл умеў абгрунтоўваць уласную дактрынальную і этычную пазіцыю перад абліччам сучаснага грамадства.

У дакуменце адзначаецца, што сучасныя юнакі і дзяўчаты прагнуць быць выслуханымі, прагнуць, каб да іх меркавання ставіліся сур’ёзна, прагнуць адчуваць сябе актыўнай часткай жыцця Касцёла, прагнуць быць суб’ектам, а не аб’ектам евангелізацыі. Менавіта жаданне быць выслуханымі – першае, якое моладзь скіроўвае да Касцёла гучным голасам, падкрэсліваецца ў “Instrumentum laboris”.

Яшчэ адно фундаментальнае прагненне моладзі тычыцца духоўнага і псіхалагічнага суправаджэння, у тым ліку ў пытаннях сямейнага жыцця, распазнання паклікання, прафесійнай дзейнасці. Гаворка не ідзе пра нешта “факультатыўнае ў параўнанні з заданнем выхавання і евангелізацыі моладзі, але пра касцёльны абавязак і права кожнага маладога чалавека”.

Звяртаецца ўвага на ролю сям’і, якая працягвае з’яўляцца прывілеяваным месцам у працэсе інтэгральнага развіцця асобы. У гэтым кантэксце падкрэсліваецца важнасць бацькі ў сямейным жыцці, адсутнасць постаці якога прыводзіць да з’яўлення “неадназначнасцяў і пусткаў”. Фундаментальным з’яўляецца таксама роля навучальных устаноў і хрысціянскіх супольнасцей, якія дапамагаюць людзям маладога ўзросту не адчуваць сябе самотнымі, выкінутымі на ўзбочыну, пакінутымі на шляху іх росту.

Яшчэ адна тэма, якая прысутнічае ў працоўным дакуменце будучага Сінода, – гэта навяртанне. Гаворка ідзе пра патрэбу “сістэмнага навяртання” ў адукацыйнай сферы, каб усе фармацыйныя структуры і іх члены больш інвеставалі ва “ўсебаковую фармацыю”, каб не толькі перадаваць веды, але таксама быць “сведкамі чалавечай сталасці”, здольнай рабіць людзей маладога ўзросту суб’ектамі і галоўнымі дзеючымі асобамі ўласнага жыцця.

Гучыць таксама заклік да “экалагічнага навяртання”, бо ўклад моладзі ў гэтую сферу з’яўляецца неад’емным, а таксама да “неабходнага і адважнага "культурнага навяртання” самаго Касцёла, каб быў здольным “распазнаваць, ствараць месца і стымуляваць” крэатыўнасць кансэкраванага жыцця, даючы “асаблівае месца рэалізацыі жаночага генія”.

Слова “распазнаваць” часцей за ўсё ўзгадваецца ў “Instrumentum laboris” . Яно павінна разумецца ў якасці “ладу жыцця Касцёла, які выходзіць”, каб адказаць на патрэбы моладзі. Здольнасць распазнання павінна быць дадзена моладзі ў якасці зброі ў барацьбе, якая зробіць маладых людзей “здольнымі распазнаваць часы Бога”, каб не змарнаваць Яго натхненні і Яго “заклік да росту”. Распазнанне вучыць моладзь гатоўнасці прымаць важныя рашэнні, а дапамагаць рабіць гэта павінны кампетэнтныя асобы.

Працоўны дакумент кажа таксама пра выклікі, сярод якіх узгадваюцца дыскрымінацыя па рэлігійным і расавым прынцыпе, беспрацоўе, беднасць, нарказалежнасць, алкагалізм, булізм, сексуальная эксплуатацыя, педапарнаграфія, карупцыя, цяжкасці з атрыманнем адукацыі, самотнасць і іншыя. Многія з гэтых з’яў былі справакаваны феноменам адчужэння, неналежным выкарыстаннем тэхналогій. У той жа час, звяртаецца ўвага на станоўчае значэнне музыкі, спорту, сяброўства паміж аднагодкамі.

Гаворачы пра тэму паклікання, працоўны дакумент будучага Сінода звяртае ўвагу на тое, што гэты тэрмін часта разумеецца вельмі абмежавана, у сувязі з чым узнікаюць меркаванні, нібы яно азначае проста рэкрутаванне маладых людзей у святары і законнікі.

Важна скіраваць душпастырства пакліканняў да ўсёй моладзі. Падкрэсліваецца, што кожны чалавек маладога ўзросту мае пакліканне, якое можа рэалізавацца ў сям’і, вучобе, прафесійнай дзейнасці, палітыцы і г.д. Адносна паклікання да святарскага і манаскага жыцця адзначаецца неабходнасць у абнаўленні адпаведнага душпастырства, каб моладзь адчула прывабнасць паклікання Езуса, які кліча станавіцца пастырамі Ягонага статка.

Дакумент завяршаецца рэфлексіяй аб святасці, бо “маладосць – гэта час для святасці”, якая павінна быць прапанавана “як дасяжны гарызонт для ўсіх маладых людзей”. Неабходна, каб юнакі і дзяўчаты ўзялі ва ўласныя рукі сваё жыццё, скіравалі яго на самыя цудоўныя і глыбокія рэчы і заўсёды захоўвалі чыстае сэрца.

Працоўны дакумент XV Звычайнай асамблеі Сінода Біскупаў быў падрыхтаваны на падставе анлайн-апытальніка, які дзейнічаў на працягу шасці месяцаў на сайце Сакратарыята Сінода; заўваг мясцовых епіскапатаў, якія былі дасланы ў Ватыкан; вынікаў міжнароднага семінара аб сітуацыі моладзі, які праходзіў у Рыме ў верасні 2017 г., і перадсінадальнай сустрэчы, што адбылася ў сакавіку 2018 г. 

Навіна ў фармаце аўдыё
19 чэрвеня 2018, 14:03