Святы Пасад адказаў на абвінавачванні перуанскай прэсы
На сайце Канферэнцыі Біскупаў Перу было апублікавана спецыяльнае камюніке Кангрэгацыі па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця, падставай для якога паслужылі абвінавачванні, змешчаныя ў перуанскай прэсе, што Святы Пасад, нібыта, “хавае” і “абараняе” Луіса Фернанда Фігары.
Каля дзесяці гадоў таму былі выкрыты выпадкі сур’ёзных злоўжыванняў ва унутраным функцыянаванні, фармацыі і эканамічна-фінансавым кіраванні ў заснаваным гэтым свецкім вернікам Таварыстве. Фігары быў абвінавачаны ў фізічным, псіхалагічным і сексуальным насіллі над маладымі людзьмі, у тымі ліку над непаўналетнімі. Падчас раскрыцця злачынстваў, ён жыве ў пакуце і ізаляцыі ў адным з кляштараў.
Кангрэгацыя нагадала пра ліст, які 30 студзеня 2017 г. скіравала на імя Генеральнага настаяцеля “Sodalitium Christianae Vitae”. З яго вынікае, што менавіта ватыканскае ведамства, на падставе атрыманых ім дадзеных, ініцыявала расследаванне вялікай колькасці цяжкіх злачынстваў Фігары.
У лісце гаварылася, што Фігары не можа вярнуцца ў Перу, дзе ў яго ёсць “шматлікія прыхільнікі і большыя магчымасці, каб нанесці ўрон людзям, схаваць ці знішчыць доказы супраць сябе” або “перашкодзіць ходу касцёльнага і дзяржаўнага правасуддзя”. У паведамленні дыкастэрыі ўдакладняецца, што не мелася на ўвазе абсалютная забарона, бо як гаворыцца ў тым жа мінулагоднім лісце, “спадар Фігары можа вярнуцца ў Перу па сур’ёзных прычынах і з пісьмовага дазволу Генеральнага настаяцеля”.
Паколькі ў “Sodalitium Christianae Vitae” з 10 студзеня 2018 г. праходзіць камісарскай праверка, гэты дазвол можа быць дадзены Апостальскім камісарам, калумбійскім біскупам Ноэлем Антоніа Ландоньё Буітрага.
Удакладняецца, што Кангрэгацыя па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця звяртала ўвагу на немэтазгоднасць вяртання Фігары ў Перу, але не выносіла такога рашэння і не раіла Генеральнаму настаяцелю, каб ён працягваў пражываць у Рыме або Ватыкане “дзе, насамрэч, ніколі не пражываў”. Была толькі скіравана просьба, каб ён пражываў там, дзе няма прадстаўнікоў заснаванага ім Таварыства, каб ён не меў з імі кантактаў, не рабіў публічных заяў і не ўдзельнічаў у публічных маніфестацыях.
Рашэнне аб знаходжанні Фігары ў Рыме прыняў сам Генеральны настаяцель Таварыства, каб “пазбегнуць, наколькі гэта магчыма, прычынення дадатковага ўрону якой-небудзь асобе”, каб “абараніць ахвяр і забяспечыць належны ход правасуддзя”. “Такім чынам, гаворка не ідзе пра абарону ці якія-небудзь прывілегіі” для Фігары. У будучыні, калі ўзнікне неабходнасць у яго вяртанні ў Перу для патрэб правасуддзя, “гэта можа быць ухвалена Апостальскім камісарам”, гаворыцца ў паведамленні Святога Пасаду.
Таварыства “Sodalitium Christianae Vitae” было заснавана ў 1971 г. Гэта адно з самых распаўсюджаных каталіцкіх аб’яднанняў у Лацінскай Амерыцы з вялікай колькасцю навучальных устаноў і актыўнай евангелізацыйнай дзейнасцю. Злачынствы ўнутры Таварыства былі выкрыты незалежнай камісіяй, якая выслухала сведчанні больш чым 200 асоб. У яе справаздачы гаворыцца пра шматлікія выпадкі сексуальнага, фізічнага і псіхалагічнага насілля, якія Фігары здзейсніў у перыяд паміж 1975-2009 гг.