Пошук

Францішак абедае з беднымі ў Ватыкане Францішак абедае з беднымі ў Ватыкане 

У Ватыкане прадставяць папскае пасланне на Дзень бедных

14 чэрвеня 2018 г. старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі, арцыбіскуп Рына Фізікела прадставіць у Ватыкане пасланне Пантыфіка з нагоды сёлетняга Сусветнага дня бедных.

Уведзены Папам дзень малітвы і ініцыятыў на карысць тых, хто жыве ў нястачы, будзе адзначацца ў гэтым годзе 18 лістапада.

Францішак абвясціў Дзень бедных у 2016 г. на заканчэнне Надзвычайнага Юбілею Міласэрнасці, жадаючы звярнуць увагу на тэму галечы, як аднаго з цэнтральных пытанняў Евангелля. Святы Айцец аргументаваў сваю ініцыятыву думкай, што пакуль у дзвярэй хрысціян стаяць бедныя, у свеце не можа быць ні справядлівасці, ні сацыяльнага міру.

Сусветны дзень бедных заўсёды адзначаецца ў другую нядзелю перад Адвэнтам, у “суседстве” з Урачыстасцю Хрыста Валадара Сусвету. Гэта мае на мэце падкрэсліць значэнне бедных людзей у Божым Валадарстве.

З нагоды першага Сусветнага дня бедных у лістападзе 2017 г. Францішак правёў у базыліцы св. Пятра Эўхарыстыю з удзелам бяздомных, бежанцаў і мігрантаў. Пасля літургія ён запрасіў паўтары тысячы з іх на абед у Зале Паўла VI у Ватыкане. Астатнія былі развезены па семінарыях і калегіумах Рыма, дзе таксама змаглі з’есці святочны пасілак. Служылі бедным 40 дыяканаў Рымскай дыяцэзіі і каля 150 валанцёраў розных дабрачынных асацыяцый.

Таксама ў рамках ініцыятывы ля Ватыкану быў размешчаны невялікі мабільны шпіталь, дзе бедныя і бяздомныя маглі бясплатна атрымаць медыцынскую дапамогу, здаць аналізы, патрапіць на прыём кардыёлага, дэрматолага, інфекцыёлага, гінекола, андролага.

Св. Імша ў Ватыкане ў Сусветны дзень бедных 19.11.2017
Навіна ў фармаце аўдыё
12 чэрвеня 2018, 12:39