Малітва ў Бары – прароцкі момант для экуменізму
“Думаю, што гэта сустрэча прынясе плён, але плён, як мы ведаем, – гэта справа Духа Святога”, - дадаў пурпурат. У інтэрв’ю ватыканскай газеце “L’Osservatore Romano” старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству падвёў вынікі маштабнай ініцыятывы папы Францішка.
“Несумненна, можна казаць пра гістарычную падзею. Упершыню ўсе прадстаўнікі Цэркваў Блізкага Усходу – католікі, праваслаўныя, праваслаўныя Усходу, пратэстанты – прынялі ўдзел у сумеснай малітве разам з Пантыфікам і ў абмеркаванні сітуацыі ў блізкаўсходнім рэгіёне”, - падкрэсліў кардынал Кох.
Ватыканскі іерарх нагадаў, што “экуменізм міласэрнасці” паміж католікамі і праваслаўнымі распачаўся менавіта на Блізкім Усходзе, з сустрэчы благаслаўлёнага папы Паўла VI з Патрыярхам Канстантынопальскім Афінагорам, якая адбылася 6 студзеня 1964 г. Таму малітва ў Бары стала яго працягам з надзеяй на далейшае развіццё.
Кажучы пра цяжкасці і перашкоды на экуменічным шляху, старшыня Папскай рады заклікаў адрозніваць паняцці “экуменізму міласэрнасці” і “экуменізму праўды”. І калі адносна першага “справы ідуць вельмі добра”, прызнаў пурпурат, то на тэалагічным узроўні адзінства і паразуменне ўяўляюцца рэчамі аб’ектыўна куды больш цяжка ажыццявімымі.
Дыялог адносна праўды веры вядзецца ў рамках трох асобных камісій, патлумачыў іерарх: міжнароднай – з праваслаўнымі, яшчэ адной – па дыялогу з Усходнімі Праваслаўнымі Цэрквамі і, нарэшце, камісіі па дыялогу з Асірыйскай Царквой Усходу, якая не прыналежыць да групы Усходніх Праваслаўных Цэркваў. І ўсё гэта “розныя нацыянальнасці, расы і мовы”, таму “традыцыя мае вельмі важную ролю”, заключыў кардынал Кох.
На заканчэнне размовы было закранута пытанне адносна інтэркамуніі. Па словах пурпурата, Каталіцкі Касцёл бачыць яе магчымай з Праваслаўнымі і Усходнімі Праваслаўнымі Цэрквамі, у той час як для праваслаўных вернікаў яна застаецца праблемай, бо ў іх традыцыі “адносіны паміж царкоўнай і Эўхарыстычнай камуніяй вельмі цесныя. Яны не бачаць магчымасці Эўхарыстычнай камуніі без адпаведнай царкоўнай”.
У той жа час, часткова інтэркамунія ўжо існуе, нагадаў кардынал Курт Кох, узгадаўшы пагадненні, дасягнутыя Каталіцкім Касцёлам у 1984 г. з Сірыйска-праваслаўнай Царквой, а ў 2001 г. – з Халдэйскай і Асірыйскай Усходнімі Цэрквамі, якія дазваляюць іх вернікам пры неабходнасці атрымліваць сакрамэнты пакаяння, Эўхарыстыі і намашчэння хворых у лоне адной з гэтых Цэркваў.