Кардынал: злоўжыванні – усцяж актуальны выклік для Касцёла
“Кожнае новае паведамленне аб злоўжываннях духавенства на любым узроўні выклікае ў свядомасці многіх людзей сумневы, наколькі эфектыўна мы змагаемся з гэтай бядой у Касцёле”, - сказаў старшыня ватыканскай Камісіі па абароне непаўналетніх у спецыяльнай заяве.
“Такія справы патрабуюць больш, чым проста просьбы аб прабачэнні. Яны паказваюць на тое, што ў выпадку абвінавачання біскупа або кардынала ўсё яшчэ існуе фундаментальны недахоп у палітыцы Касцёла адносна сексуальных чынаў і сексуальных злоўжыванняў”, - заўважыў іерарх.
Па словах амерыканскага кардынала, неабходныя выразныя і паслядоўныя стандарты паводзін для забеспячэння належнага правасуддзя і адэкватнага адказу на справядлівае абурэнне грамадства. Ён падкрэсліў неабходнасць гарантавання належнай дапамогі ахвярам злоўжыванняў і іх сем’ям: трэба цаніць тое, што яны раскрылі свой трагічны досвед, і ставіцца да іх з павагай і годнасцю.
Кардынал О’Мэлі лічыць неабходнымі тры канкрэтныя крокі: па-першае, справядлівае і хуткае распазнанне такога роду выпадкаў; па-другое, ацэнка адэкватнасці стандартаў і палітыкі Касцёла на ўсіх узроўнях, і асабліва ў выпадку біскупаў; і па-трэцяе, больш зразумелае тлумачэнне католікам і ўсім ахвярам працэсу працэдуры паведамлення аб выпадках сексуальнага выкарыстання з боку іерархіі.
Старшыня ватыканскай камісіі перакананы, што няздольнасць зрабіць гэта паставіць пад пагрозу ўжо і без таго аслаблены маральны аўтарытэт Касцёла і можа знішчыць давер з боку католікаў і грамадзянскай супольнасці. Кардынал лічыць, што на дадзены момант няма нічога больш важнага для Касцёла, чым узяць на сябе адказнасць за вырашэнне гэтых праблем. І менавіта аб гэтым ён будзе размаўляць падчас бліжэйшай сустрэчы са Святым Айцом.