Пошук

Кардынал Паралін падчас св. Імшы ў базыліцы італьянскага горада Аквілея Кардынал Паралін падчас св. Імшы ў базыліцы італьянскага горада Аквілея 

Дзяржсакратар: перамагаць любоўю нянавісць свету

Нянавісць свету– гэта знак, якім пазначаны верны паслядоўнік Хрыста, заўважыў кардынал Пьетра Паралін падчас св. Імшы 12 ліпеня 2018 г. у базыліцы італьянскага горада Аквілея.

Нагодай для візіту ватыканскага іерарха ў гэты рэгіён стала святкаванне сотай гадавіны заканчэння Першай сусветнай вайны, пра трагічныя падзеі якой жыхары паўночнага італьянскага рэгіёну Фрыулі-Венецыя-Джулія, у якім знаходзіцца Аквілея, захоўваюць сумную памяць, бо тыя далёкія падзеі пакінулі тут асабліва значны крывавы след. Менавіта на разбуральнай моцы чалавечай нянавісці засяродзіўся пурпурат у сваёй гаміліі.

Горкія словы Езуса да сваіх вучняў – “Я выбраў вас са свету, таму свет ненавідзіць вас”, – якія ўтрымліваў прачытаны літургічны евангельскі урывак (Ян 15,18-21), кардынал Паралін назваў неабходнымі для разумення апосталамі сваёй новай тоеснасці – пакліканых Богам.

“[Нянавісць свету – гэта ўсяго толькі адваротны бок аб’яўлення Езуса і абрання вучняў. У пэўным сэнсе, гэта знак, які пазначае вернага апостала]”

, - заключыў пурпурат.

“Нянавісць, пра якую распавядае Евангелле, не вынік пэўнай формы рэлігійнай параноі: хрысціянін не пакутуе з-за маніі пераследу, не бачыць паўсюль ворагаў, нікога не абвінавачвае, нікога не правакуе; ён ведае, што пакліканы да няспыннага навяртання! Наадварот, нянавісць – гэта папросту тое, што робіць бачнай “свецкасць” гэтага свету і кожнай асобы адносна Евангелля: яго замкнёнасць, аддаленасць, неразуменне, адрозную іерахію каштоўнасцей”, - заўважыў іерарх.

Ён заклікаў вернікаў вучыцца выкараняць з сэрца нянавісць, асабліва ў адносінах да тых, хто ўмее любіць па-сапраўднаму, і сведчыць аб Езусе, “нават калі часам гэта можа быць невыгодна ці небяспечна”.

“[Сведчыць пра Езуса – заданне як ніколі тэрміновае і актуальнае, бо азначае ўстаць на баку любові супраць нянавісці, клопату супраць абыякавасці, жыцця супраць смерці]”

, - сказаў кардынал Паралін.

У гэтым кантэксце ён спаслаўся на прыклад святых Гермагора і Фартуната, мучанікаў, заступнікаў рэгіёну Фрыулі-Венецыя-Джулія. Ён падкрэсліў, што мучаніцтва робіць відавочнымі дзве супрацьлеглыя таямніцы – бессэнсоўнасці чалавечага зла і безумоўнай патрэбы ў любові.

Святыя мучанікі сваім жыццём і смерцю ўказваюць на крыж Хрыста – там крыніца хрысціянскага паклікання, сапраўднай любові і любой сапраўднай мірнай ініцыятывы, адзначыў кардынал Пьетра Паралін і заклікаў маліцца да святых Гермагора і Фартуната, каб выпрасілі ў Бога ласку ўсведамлення і прыняцця гэтай праўды.

Акрамя цэлебрацыі св. Імшы, па запрашэнні мясцовага духавенства кардынал Пьетра Паралін прыняў удзел у канферэнцыі, прысвечанай сотай гадавіне заканчэння Першай сусветнай вайны.

Навіна ў фармаце аўдыё
13 ліпеня 2018, 13:22