Святы Пасад ініцыяваў дыскусію пра лёс зачыненых касцёлаў
29-30 лістапада 2018 г. Папская рада па культуры арганізуе аднадзённы форум, на якім абмяркуюць феномен узрастаючай колькасці месцаў культу, якія больш не выкарыстоўваюцца.
Міжнародная канферэнцыя пад назвай: “Бог тут больш не жыве? Праца з месцамі культу і комплекснае кіраванне спадчынай Касцёла” арганізаваная сумесна ўзгаданай ватыканскай дыкастэрыяй, італьянскай біскупскай канферэнцыяй і Папскім грыгарыянскім універсітэтам.
Па словах арганізатараў, удзельнікі форуму зоймуцца пошукам рашэння сур’ёзнай і актуальнай, асабліва для Еўропы, праблемы закрыцця храмаў і іх новага прызначэння. Яны паспрабуюць адказаць на пытанне аб лепшым кіраванні касцёльнай культурнай спадчынай, якое з’яўляецца важным аспектам душпастырскай дзейнасці дыяцэзій.
Сярод выступоўцаў будуць кардынал Джанфранка Равазі, старшыня Папскай рады па культуры, і новы прэфект Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы, біскуп Нунцыа Галанціна.
Праблема закрыцця храмаў асабліва востра стаіць у Заходняй Еўропе. Так, напрыклад, у Францыі, у дыяцэзіі Рэксэм, паводле дадзеных французскай каталіцкай газеты “La Croix”, плануюць зачыніць 22 з 62 касцёлаў. Паводле звестак “Wall Street Journal”, у Германіі за апошняе дзесяцігоддзе было зачынена 515 культавых будынкаў. Не лепш ідуць справы ў Нідэрландах, да 2020 г. тут будзе выведзена з ужытку траціна касцёлаў.