Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: інструкцыя адносна кансэкраваных паннаў

Кангрэгацыя па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця падрыхтавала інструкцыю адносна Ордэна кансэкраваных паннаў – “Ordo virginum”.

Прэзентуючы дакумент пад назвай “Ecclesia Sponsae Imago”, Сакратар узгаданай Кангрэгацыі, арцыбіскуп Хасэ Радрыгез Карбальё, вылучыў тры асноўныя аспекты, вакол якіх будуецца яго змест.

Першы тычыцца паклікання кансэкраваных паннаў. Дакумент падкрэслівае “марыйны профіль” іх жыцця, нагадваючы, што, даючы абяцанне цнатлівасці, дзяўчына ўвасабляе “эсхаталагічны сімвал Касцёла, Хрыстовай нявесты”. Панны першымі пакліканы ісці за Хрыстом, наследуючы яго стыль жыцця – цнатлівага, беднага, пакорлівага, і рэалізуючы ўласны харызмат. Яны прысвячаюць сябе малітве, пакаянню, учынкам міласэрнасці і прапаведванню, маючы Евангелле ў якасць фундаментальнага жыццёвага правіла.

Другі аспект – гэта месца Ордэна кансэкраваных паннаў у партыкулярных і сусветным Касцёлах. Падкрэсліваецца, што кансэкраваная панна павінна адчуваць сябе дачкой партыкулярнага Касцёла, робячы ўнёсак у яго фарміраванне і місію. Касцёл, у сваю чаргу, павінен падтрымліваць яе ў магчымыя спосабы. Гэты раздзел дакумента рэгулюе таксама ўсе пытанні адносна перамяшчэння кансэкраваных паннаў з адной дыяцэзіі ў іншую, магчымыя заснаванні фондаў для эканамічнай падтрымкі Ордэна.

Нарэшце, трэці аспект тычыцца распазнання паклікання і падрыхоўкі да пасвячэння ў Ордэн кансэкраваных паннаў у духоўным і педагагічным ключы. Падкрэсліваецца выключная роля дыяцэзіяльнага біскупа ў пытанні забеспячэння належнага фармацыйнага працэсу для кандыдатак да кансэкрацыі, здзяйснення самаго абраду і далейшага суправаджэння кансэкраваных паннаў на іх шляху няспыннага духоўнага росту.

Старажытная практыка пасвячэння ў Ордэн кансэкраваных паннаў была вернута ў Каталіцкі Касцёл у 1970 г. па ініцыятыве папы Паўла VI. Адметнасцю гэтай формы кансэкраванага жыцця з’яўляецца магчымасць жыць паводле ўласнай харызмы, застаючыся шчыльна звязанай з уласнай дыяцэзіяй, аднак жывучы па-за манаскай супольнасцю.

Навіна ў фармаце аўдыё
04 ліпеня 2018, 15:37