Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад перасцерагае ад дыскрымінацыі мігрантаў

Пра недапушчальнасць дыскрымінацыі мігрантаў і адказнасць краін за інтэграцыю ў грамадства дзяцей – былых ахвяр вайны нагадаў арцыбіскуп Бернардзіта Ауса на пасяджэннях у структурах ААН у Нью-Ёрку.

9 ліпеня 2018 г. Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН прыняў удзел у шостым раундзе міжурадавых перамоў адносна праекта “Глабальнага пагаднення ААН па бяспечнай, упарадкаванай і легальнай міграцыі”, а таксама ў адкрытай дыскусіі Рады Бяспекі ААН па пытанні абароны дзяцей ва ўмовах узброеных канфліктаў.

Даючы ацэнку праекту Пагаднення адносна міграцыі, ватыканскі дыпламат падкрэсліў, што кожная мэта, абавязацельства і ініцыятыва ў ім павінны быць абачліва ўзгоднены і прыняты толькі пры ўмове дасягнутага міждзяржаўнага кансэнсусу. Ад забеспячэння гэтай умовы, папярэдзіў іерарх, “будзе істотна залежаць, як і ў якіх межах Святы Пасад і каталіцкія арганізацыі, якія клапоцяцца пра мігрантаў па ўсім свеце, змогуць падтрымаць Пагадненне”.

Акрамя таго, арцыбіскуп Ауса выказаў занепакоенасць тым фактам, што з тэксту Пагаднення былі выкрэслены абавязацельствы краін, што прымаюць мігрантаў, адносна гарантавання “прытулку, аховы здароўя, адукацыі і справядлівасці”, а таксама выдалены паняцці “гуманітарнай абароны” і захавання прынцыпаў “невыдварэння”.

Іерарх перасцярог міжнародную супольнасць ад любой формы дыскрымінацыі адносна мігрантаў, нагадаўшы, што яны, перш за ўсё, з’яўляюцца асобамі, а значыць, маюць аднолькавыя з усімі правы і свабоды і павінны мець доступ за асноўных паслуг, а таксама разлічваць на бяспечныя ўмовы прабывання ў краінах, якія іх прымаюць.

Працэс абмеркавання дакумента пачаўся ў 2016 г., калі ўрады краін-членаў ААН падпісалі Нью-Ёркскую дэкларацыю аб бежанцах і мігрантах. Гэты раунд перамоў стаў апошнім перад правядзеннем у снежні 2018 г. у Марока саміта ААН, падчас якога чакаецца засцярджэнне канчатковай версіі Пагаднення.

Што датычыць дыскусіі ў сядзібе Рады Бяспекі ААН адносна дзяцей ва ўмовах вайны, арцыбіскуп Бернардзіта Ауса выступіў на ёй з прамовай, у якой засяродзіў увагу на неабходнасці забяспечыць дзецям, раней уцягнутым ва ўзброеныя канфлікты, належныя ўмовы для інтэграцыі ў мірнае грамадства.

Па словах ватыканскага дыпламата, такія дзеці павінны разглядацца, перш за ўсё, як ахвяры вайны, нават калі, знаходзячыся пад кантролем узброеных груповак, яны здзейснілі пэўныя злачынствы.

“[Дзеці павінны быць не часткай праблемы, а часткай яе рашэння. (...) Мы павінны гарантаваць, што яны не застануцца заложнікамі жахаў, якія перажылі,]”

– заклікаў арцыбіскуп і выказаў перакананне, што найбольш дзейсным інструментам вяртання такіх дзяцей да нармальнага жыцця з’яўляецца адукацыя.

Па выніках дыскусіі была аднагалосна прынята рэзалюцыя Рады Бяспекі ААН па мерах абароны дзяцей ва ўмовах узброеных канфліктаў.

Навіна ў фармаце аўдыё
10 ліпеня 2018, 14:11